Мінск 23:47

На будоўлі ў Мінску рабочы ўпаў з вышыні і загінуў

6 жніўня, Позірк. На будаўніцтве аб’екта па вул. Танкавай у Мінску 6 жніўня загінуў дапаможны рабочы, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, 43-гадовы мужчына спатыкнуўся і ўпаў з вышыні трэцяга паверха на бетонныя прыступкі. Ад атрыманых траўм ён памёр.

Абставіны здарэння высвятляе Партызанскі раённы аддзел СК. “Асаблівая ўвага будзе нададзеная прычынам і ўмовам, якія садзейнічалі гібелі рабочага”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гэта не першае смяротнае траўмаванне рабочых сёлета.

9 студзеня на будаўніцтве комплексу “Мінск-Свет” 41-гадовы мантажнік сарваўся з дзясятага паверха і загінуў.

11 чэрвеня ў Мачулішчах (Мінскі раён) падчас будаўнічых работ на вул. Авіятараў абарваліся трасы люлькі, якая знаходзілася на ўзроўні чацвёртага паверха. У выніку падзення загінуў 65-гадовы рабочы. Яго 50-гадовага калегу даставілі ў рэанімацыю са шматлікімі пераломамі.

22 чэрвеня 37-гадовы мужчына, прыцягнуты да зносу будынка ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць), загінуў праз абрушэнне бетоннай пліты сцяны-перакрыцця.

14 ліпеня ў Наваполацку (Віцебская вобласць) на будаўнічым аб’екце загінуў 27-гадовы дапаможны рабочы. Ён спатыкнуўся на вышыні больш за 8 метраў і ўпаў на бетоннае пакрыццё.

18 ліпеня на будоўлі ў Новалукомлі (Віцебская вобласць) 35-гадовы дапаможны рабочы падышоў да драўляных парэнчаў, якія агароджвалі балкон на ўзроўні трэцяга паверха, абапёрся і разам з імі паваліўся ўніз. Ад атрыманых траўм мужчына памёр у бальніцы.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго менш, чым у 2023-м (1.850). Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (са 117 да 105).

Летась 17 пацярпелых былі маладзейшыя за 18 гадоў, двое з іх загінулі.

74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя “назіраецца ўжо не першы год”. Гэта, на думку Сяміча, сведчыць пра тое, што на працы “жанчыны больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — адзначыў прадстаўнік Мінпрацы.

У пяцёрку самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, дапаможны рабочы, трактарыст, жывёлагадоўца.

Падзяліцца: