Мінск 21:09

Ад пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве скарацілася амаль на 10%

Ілюстратыўнае фота: "Позірк"

6 жніўня, Позірк. Дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 жніўня мела 51.962 грамадзяніны Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

На 1 студзеня 2025 года ўладальнікамі тых ці іншых дакументаў, якія легалізуюць пражыванне ў краіне, было 57.511 беларускіх грамадзян (на 1 ліпеня — 52.287, 1 чэрвеня — 52.662 чалавекі). Такім чынам, іх колькасць ад пачатку года скарацілася на 9,65%.

Часовы дазвол на жыхарства на гэты момант мае 47.832 беларусы, сталы — 3.914, часовую карту рэзідэнцтва ЕС — 141, сталую — 75.

Сярод уладальнікаў часовага ДНЖ на падставе працы яго атрымала 36.616 (высокакваліфікаваныя спецыялісты — 3.199), уз’яднання з сям’ёй — 5.104, на гуманітарных падставах — 1.078, для навучання — 933.

Самая шматлікая нацыянальная група ўладальнікаў дазволаў на пражыванне ў Літве — украінцы. На 1 жніўня колькасць грамадзян гэтай краіны з дзейным дакументам складала 75.941 (на 1 ліпеня — 75.085, 1 студзеня — 77.080).

Са жніўня 2024 года літоўскія працадаўцы, якія хочуць працаўладкаваць замежнікаў, абавязаныя заплаціць дзяржаўную пошліну за хадайніцтвы аб выдачы або абмене часовага дазволу на жыхарства такіх супрацоўнікаў, а таксама выдачы ім нацыянальнай візы.

17 красавіка Сейм Літвы падоўжыў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — законапраект аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансерватараў ураўнаваць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзеныя для расіян.

Прапанова ануляваць ім дазвол на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны першапачаткова была адхіленая, але прынятая ў траўні і толькі ў дачыненні да грамадзян РФ.

Разам з тым у ліпені стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі грамадзянцы Беларусі ў працягу ДНЖ праз частыя паездкі на радзіму і ранейшую працу сцюардэсай у авіякампаніі “Белавія”. Жанчыну прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Беларуска, прозвішча якой не называецца, пераехала ў Літву ў 2022 годзе неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За прамінулы час яна здзейсніла 20 паездак у Беларусь.

Падзяліцца: