Мінск 16:41

У Мінску прадаюць кватэру, канфіскаваную ў алімпійскай чэмпіёнкі Аляксандры Герасімені

6 жніўня, Позірк. На электронным аўкцыёне “БелЮрЗабеспячэнне” прадаецца арыштаваная чатырохпакаёвая кватэра плошчай 120,5 кв. м на вуліцы Філімонава ў Мінску з гаражом. Даўжніком указана алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя. Лоты на кватэру і гараж размешчаны на пляцоўцы e-auction.by.

Пачатковы кошт кватэры: 942.000 рублёў. Сярод абцяжаранняў — “арышт следчых органаў”. Адзначаецца, што ў кватэры зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку адзін непаўналетні.

Пачатковы кошт гаража — 65.400 рублёў.

Таргі прызначаны на 19 жніўня.

У снежні 2022 года Герасіменя паведаміла “Нашай Нiве“, што арыштаваная кватэра не з’яўляецца яе ўласнасцю, а належыць яе блізкаму сваяку, дачка якога і зарэгістраваная сярод іншых у жыллі.

26 снежня 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Святлана Бандарэнка) прыгаварыў у рамках спецыяльнай вытворчасці да 12 гадоў пазбаўлення волі заснавальнікаў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) трохразовага прызёра Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю і былога дырэктара гандбольнага клуба “Віцязь.

Яны прызнаны вінаватымі паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Матэрыяльны ўрон ад дзейнасці БФСС, паводле ацэнкі следства, перавысіў 800 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд наклаў арышт на рахункі Герасімені, на якіх знаходзілася больш за 48 тыс. долараў, кватэру, аўтамабіль, парковачнае месца, розную тэхніку. Адзначаецца, што ўсю гэтую маёмасць рэалізуюць у лік выплаты па грамадзянскім іску.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці быў заснаваны спартовымі функцыянерамі і атлетамі ў адказ на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Займаецца падтрымкай спартсменаў, якія падвергліся пераследу, і абаронай іх правоў.

21 красавіка 2022 года КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, аб’яднаных тэлеграм-каналам “Фонд спартыўнай салідарнасці/BSSF”, аднайменнымі супольнасцямі ў сацсетках “Фэйсбук”, “Інстаграм”, платформах “Твітэр” і “Ютуб”.

У красавіку 2022 года Герасіменя сышла з БФСС.

21 красавіка 2023 года спартсменка была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”.

У лістападзе 2023 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) узнагародзіла ў ліку іншых Герасіменю медалём ордэна “Пагоня” “за заслугі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі”.

Падзяліцца: