Мінск 13:07

Ціханоўская: Рэжым закатаваў Алеся Пушкіна, але ягоныя творы, дух і мужнасць працягваюць натхняць

Алесь Пушкін
Архіўнае фота: "Позірк"

6 жніўня, Позірк. Рэжым закатаваў Алеся Пушкіна за кратамі, але ягоныя творы, дух і мужнасць працягваюць натхняць беларусаў, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды 60-годдзя памерлага за кратамі палітзняволенага мастака.

“Мастак пакінуў пасля сябе жывую творчую спадчыну і прысутнасць, якая глыбока адгукаецца ў нашай культурнай памяці. Алесь паказваў любоў да Беларусі ў сваіх працах і ўчынках — смелых, адкрытых, поўных чалавечай годнасці”, — адзначыла палітык.

Яна падкрэсліла, што ў Варшаве 6 жніўня адкрываецца выстава “Застацца/Zostać”, прысвечаная памяці мастака і “тым каштоўнасцям, якія ён нёс праз сваё мастацтва”: “Я збіраюся наведаць выставу і буду радая вас там пабачыць, каб разам успомніць нашага творцу. Гэта магчымасць адчуць сувязь з тымі, хто працягвае гаварыць праз мастацтва і падтрымаць беларускіх творцаў, якія не згубілі голасу нават у выгнанні”.

Выстава пройдзе да 20 жніўня ў дворыку “Музея вольнай Беларусі” (Foksal 11).

Алесь Пушкін трапіў у няволю з-за палітычна матываванай крымінальнай справы. 11 ліпеня 2023 года ён памёр у бальніцы, куды яго са спазненнем прывезлі з гродзенскай турмы № 1. У мастака была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, поліарганная недастатковасць.

Мастаку прад’явілі абвінавачванне па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму“, а таксама па арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу.

Пушкіну паставілі ў віну стварэнне партрэта дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара, які экспанаваўся ў Гродне. Пракуратура заявіла, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні“.

Працэс над мастаком пачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе. На пасяджэнні 25 сакавіка палітвязень парэзаў сабе жывот у знак пратэсту супраць таго, што адбываецца, за што быў змешчаны ў карцэр.

30 сакавіка 2022 года суддзя Алена Шылько прыгаварыла Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Паводле звестак праваабаронцаў, апошняе слова Пушкіна было напісана больш чым на 20 старонках, аднак яго змест пакуль невядомы з-за таго, што працэс быў закрытым.

Падчас абвяшчэння прысуду Пушкін распрануўся, каб былі бачныя драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў.

У жніўні 2022 года стала вядома, што адміністрацыя папраўчай установы № 22 (т. зв. “Ваўчыныя норы“), дзе Пушкін адбываў пакаранне, змясціла яго на пяць месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці мастака на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў Гродзенскую турму № 1, дзе ён утрымліваўся да смерці.

Падзяліцца: