Мінск 11:45

Памерламу ў зняволенні мастаку Алесю Пушкіну сёння споўнілася б 60 гадоў

Алесь Пушкин в своей мастерской. 17 июня 2020 годаФото: svaboda.org
Алесь Пушкін
Фота: Радыё Свабода

6 жніўня, Позірк. Памерламу ў зняволенні мастаку Алесю Пушкіну 6 жніўня споўнілася б 60 гадоў.

Пушкін трапіў у няволю з-за палітычна матываванай крымінальнай справы, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 11 ліпеня 2023 года ён памёр у бальніцы, куды яго са спазненнем прывезлі з гродзенскай турмы № 1. У мастака была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, поліарганная недастатковасць.

Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынка на вуліцы Карла Маркса тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі. За гэтую акцыю мастак быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Перфоманс Алеся Пушкіна ля Адміністрацыі прэзідэнта 21 ліпеня 1999 года
Крыніца: bymedia.net

Вясной 2021 года Пушкін у Кіеве на выставе беларускага пратэстнага мастацтва “Кожны дзень“ узнавіў свой перфоманс “Гной для прэзідэнта“. Пры гэтым на партрэце Лукашэнкі ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў. Гэта ў далейшым стала падставай для крымінальнай справы па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек над дзяржаўнымі сімваламі).

Кіеўская выстава стала для Пушкіна апошняй прыжыццёвай. На адкрыцці мастак адзначыў, што яму адначасова і прыемна, і сумна. “Сумна таму, што і праз 22 гады мой перфоманс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсенал, зрабіў тое ж самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам“, — патлумачыў ён.

Праваабаронцы “Вясны” падкрэсліваюць, што пасля гэтага Пушкін свядома вярнуўся на радзіму, разумеючы рызыку быць пазбаўленым волі. Яго затрымалі праз пяць дзён пасля выступу ў Кіеве, прад’явілі абвінавачванне па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму“, а таксама па арт. 370.

Пушкіну паставілі ў віну стварэнне партрэта дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара, які экспанаваўся ў Гродне. Пракуратура заявіла, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні“.

Працэс над мастаком пачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе. На пасяджэнні 25 сакавіка палітвязень парэзаў сабе жывот у знак пратэсту супраць таго, што адбываецца, за што быў змешчаны ў карцэр.

30 сакавіка 2022 года суддзя Алена Шылько прыгаварыла Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Паводле звестак праваабаронцаў, апошняе слова Пушкіна было напісана больш чым на 20 старонках, аднак яго змест пакуль невядомы з-за таго, што працэс быў закрытым.

Падчас абвяшчэння прысуду Пушкін распрануўся, каб былі бачныя драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў.

У жніўні 2022 года стала вядома, што адміністрацыя папраўчай установы № 22 (т. зв. “Ваўчыныя норы“), дзе Пушкін адбываў пакаранне, змясціла яго на пяць месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці мастака на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў Гродзенскую турму № 1, дзе ён утрымліваўся да смерці.

Увечары 6 жніўня ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі адкрыецца выстава“ Застацца“ да 60-годдзя Пушкіна.

Гл. таксама:

Ціханоўская ў другую гадавіну смерці Алеся Пушкіна: мы страцілі беларуса, які бачыў краіну свабоднай і годнай

У Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная грамадзянскай дзейнасці Алеся Пушкіна

Падзяліцца: