Мінск 01:53

Заява МЗС перад варшаўскімі мерапрыемствамі да пяцігоддзя выбараў-2020 “дыскрэдытуе рэпутацыю краіны і ведамства” — Латушка

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

5 жніўня, Позірк. Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка раскрытыкаваў у сваім тэлеграм-канале 5 жніўня заяву Міністэрства замежных спраў у сувязі з запланаванымі ў Варшаве мерапрыемствамі да пяцігоддзя беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Паводле слоў Латушкі, заява МЗС з нагоды вулічнай акцыі “Марш Свабоды” “дэманструе дзяржаўную палітыку пераследу беларусаў за мяжой”, яна “будзе вывучаная ў Гаазе” (імаверна, маецца на ўвазе Міжнародны крымінальны суд у гэтым нідэрландскім горадзе. — “Позірк”.).

Палітык заявіў, што гэтая заява “дыскрэдытуе рэпутацыю краіны і ведамства”.

“Усім, думаю, відавочна, што ніякія мірныя сходы грамадзян на тэрыторыі Польшчы не наносяць ніякай матэрыяльнай шкоды Рэспубліцы Беларусь. <…> Беларускія грамадзяне, якія на законных падставах знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, арганізоўваюць мірны сход грамадзян, рэалізуючы сваё права, прадугледжанае артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулам 11 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека”, — адзначыў Латушка.

На яго думку, такія заявы беларускага знешнепалітычнага ведамства “могуць быць успрынятыя няйначай, як акт палітычнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў”, як “спроба перашкодзіць рэалізацыі міжнародных абавязацельстваў краін, дзе знаходзяцца беларусы, у галіне правоў чалавека”, а таксама як “спроба распаўсюдзіць юрысдыкцыю Беларусі на законныя дзеянні грамадзян на тэрыторыі трэціх краін”.

“Падобная заява МЗС Лукашэнкі, як і заява Следчага камітэта рэжыму аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў мірных сходаў на тэрыторыі трэціх краін, правядзенні ператрусаў і арышце маёмасці ў гэтых асоб, з’яўляюцца яркім прыкладам асобных актаў, якія ў сукупнасці з іншымі дзеяннямі з боку рэжыму, накіраванымі на пераслед грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў за мяжой, утвараюць кантэкст злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца экстэрытарыяльна”, — падкрэсліў Латушка.

5 жніўня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому “ўручаная адпаведная нота” ў сувязі з запланаванымі ў польскай сталіцы мерапрыемствамі да пяцігоддзя беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вынікае з прэс-рэлізу ведамства пад назвай “Заява прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі Р.Варанкова ў сувязі з правядзеннем у г. Варшаве дэструктыўнага мерапрыемства”.

У ім сцвярджаецца, што “9–10 жніўня бягучага года ў Варшаве, на плошчы імя Ю.Пілсудскага, а таксама ў Варшаўскім універсітэце запланавана правядзенне мерапрыемства, мэта якога — нанясенне шкоды Рэспубліцы Беларусь”.

“Арганізатарамі і актыўнымі ўдзельнікамі выступаюць прадстаўнікі беларускай эміграцыі, якія падтрымліваюцца афіцыйнай Варшавай і вядомыя сваёй дэструктыўнай і правакацыйнай дзейнасцю”, — заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.

Міністэрства “зыходзіць з таго, што падобныя варожыя акцыі не спрыяюць аднаўленню нармальнага дыялогу паміж дзяржавамі і наўпрост шкодзяць беларуска-польскім адносінам”.

МЗС пагражае “і далей старанна адсочваць развіццё сітуацыі, пакідаючы за сабой права прымаць неабходныя меры ў адказ на любыя дзеянні правакацыйнага характару”.

9–10 жніўня ў Варшаве пройдзе IV канферэнцыя “Новая Беларусь”, па завяршэнні працы ў першы дзень — вулічная акцыя “Марш свабоды” да гадавіны выбараў-2020.

Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі ў перадвыбарчы перыяд, працягваюцца больш за пяць гадоў.

Падзяліцца: