Мінск 00:47

Рассельгаснагляд не прапусціў у РФ з Беларусі амаль пяць тон буякоў, а таксама драўляныя скрыні і нідэрландскае насенне морквы

5 жніўня, Позірк. Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд) вярнула ў Беларусь 4,85 тоны буякоў, бо яны ўвозілася ў РФ без неабходных суправаджальных дакументаў, паведаміла 5 жніўня прэс-служба ведамства.

Удакладняецца, што парушэнне было ўстаноўлена на мінулым тыдні.

Рассельгаснагляд таксама паведаміў аб забароне ўвозу з Беларусі 5 жніўня 1.100 драўляных скрынь (вытворца не ўказаны). У паведамленні гаворыцца аб адсутнасці ў перавозчыка сертыфіката, які пацвярджае паходжанне прадукцыі і яе фітасанітарную бяспеку.

Скрыні таксама вернутыя ў Беларусь.

4 жніўня ведамства справаздачылася аб недапушчэнні ўвозу ў РФ з Беларусі насення морквы, “вырабленага, згодна з маркіроўкай, у Нідэрландах”.

Насенне, як заяўляецца, знаходзілася “ў ніжняй частцы паўпрычэпа аўтамабіля, у 757 палімерных пакетах у 27 скрынках”, у перавозчыка, грамадзяніна Беларусі, “адсутнічалі якія-небудзь суправаджальныя дакументы”.

Груз затрыманы. “Далейшае рашэнне будзе прынятае пасля высвятлення ўсіх абставінаў па гэтым факце і завяршэння праверачных мер”, — адзначылі ў расійскім ведамстве.

Ва ўсіх трох выпадках перавозчыкі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

4 жніўня паведамлялася, што Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь больш за 1,6 тоны каўбасных вырабаў і вэнджаніны.

Падзяліцца: