Мінск 23:51

Лукашэнка ўнёс змены ў Правілы дарожнага руху, яны закрануць веласіпедыстаў і самакатчыкаў

5 жніўня, Позірк. Указ № 295 аб зменах у Правілах дарожнага руху падпісаў 5 жніўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент уводзіць хуткасныя абмежаванні для электрасамакатаў, сегвеяў, монакалёс, якія перамяшчаюцца па веладарожках, — не больш за 25 км/г, па тратуары — не больш за 10 км/г.

Таксама ўказ накладае забарону на перамяшчэнне па тратуары прылад масай звыш 35 кг.

У новай рэдакцыі ПДР замацаваны абавязак веласіпедыстаў і самакатчыкаў “спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі дарогі, што дазволіць знізіць аварыйнасць”. “Гэта звязана з тым, што за апошнія некалькі гадоў павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў і самакатчыкаў. Толькі за два гады зарэгістравана каля 900 ДТЗ”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Комплексна перагледжаныя падыходы да выкарыстання сродкаў персанальнай мабільнасці”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі. Гэта звязана з тым, што “з’явіліся новыя прылады, якія не падпадаюць пад класічнае паняцце”, яны “здольныя развіваць хуткасць да 80 км/г і па тэхнічных параметрах адпавядаюць больш электраскутарам і мапедам, чым электрасамакатам”.

Паводле зменаў у ПДР, да “сродкаў персанальнай мабільнасці” цяпер адносяцца механічныя прылады, якія маюць “электрарухавік і максімальную хуткасць да 25 км/г”.

“Электрычным прыладам, якія па тэхнічных характарыстыках могуць быць аднесеныя да мапедаў і матацыклаў, даецца права ўдзельнічаць у дарожным руху. Для гэтага трэба будзе пацвердзіць тып транспартнага сродку, аформіць на яго электронны пашпарт і зарэгістраваць у ДАІ”, — адзначаецца ў рэлізе.

Указам таксама ўдакладненыя “іншыя палажэнні Правілаў дарожнага руху”. У прыватнасці, як паведамляецца, тэрыторыі садаводчых таварыстваў цяпер аднесеныя да жылой зоны.

Сцвярджаецца, што дакумент падрыхтаваны “з улікам сучасных рэалій і запыту грамадскасці”, праект змяненняў ПДР “прайшоў сур’ёзнае публічнае абмеркаванне, атрымаўшы звыш 600 водгукаў ад насельніцтва”.

Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу з 1 верасня 2025 года.

У Лідзе пад коламі аўтамабіля загінуў падлетак, які ехаў на электрасамакаце

4 красавіка, Позірк. Каля 08:30 на вуліцы Гастэлы ў Лідзе (Гродзенская вобласць) адбылося смяротнае ДТЗ з удзелам непаўналетняга. Паводле папярэдняй інфармацыі МУС, 15-гадовы школьнік на электрасамакаце перасякаў праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Кіроўца BMW не падаў яму перавагу ў …
Падзяліцца: