Мінск 20:17

З 2020 года ліквідавана не менш за 1.948 НКА — Lawtrend

5 жніўня, Позірк. За няпоўныя пяць гадоў — пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і па 31 ліпеня 2025-га — у Беларусі ліквідавана не менш за 1.948 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец чэрвеня было ліквідавана не менш 1.944 НКА, траўня — 1.936, красавіка — 1.926, сакавіка — 1.917, лютага — 1.905, студзеня — 1.896, на канец 2024 года — 1.891, усяго за мінулы год — мінімум 382.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец ліпеня 2025 года ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.192 некамерцыйных арганізацый. На канец чэрвеня такіх было столькі ж, траўня — 1.190, красавіка — 1.189, сакавіка і лютага — 1.188, студзеня — 1.187, снежня 2024-га — 1.186.

Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прыняло па меншай меры 756 НКА (у ліпені — 4). На канец чэрвеня такіх было 752, траўня — 746, красавіка — 737, сакавіка — 729, лютага — 717, студзеня — 709, на канец 2024 года — 705.

Lawtrend адзначае, што кампанія па масавай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый у Беларусі скончылася, паколькі беларуская ўлада знішчыла амаль усе непажаданыя ёй некамерцыйныя арганізацыі: “Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і грамадзян працягваюцца як унутры краіны, так і за яе межамі. Больш за сто прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключаючы членаў прафесійных саюзаў і рэлігійных арганізацый, працягваюць знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі”.

Адзначаецца, што законам ад 12 ліпеня 2025 года “Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей” істотна абмяжоўваецца рэалізацыя правоў дзяцей на асацыяцыю. Паводле зменаў, што ўносяцца ў закон “Аб правах дзіцяці”, “дзеці маюць права аб’ядноўвацца ў дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні пры ўмове, што дзейнасць гэтых аб’яднанняў не мае мэтаў ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, якія забароненыя заканадаўствам альбо дапускаюць магчымасць ажыццяўлення названых дзейнасці і дзеянняў у ходзе дасягнення правамерных мэтаў стварэння”.

Такім чынам, змены, якія ўносяцца ў закон, “дазваляюць трактаваць абмежаванні на рэалізацыю свабоды асацыяцый вельмі шырока, у тым ліку з пункту гледжання допуску нейкіх дзеянняў як на стадыі стварэння, так і дзейнасці аб’яднання”, адзначаюць праваабаронцы.

11 ліпеня ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні дырэктывы № 12 (ад 9 красавіка 2025-га) “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

“Канкрэтныя грамадскія аб’яднанні і прафесійныя саюзы, удзел у якіх сваіх работнікаў павінны забяспечваць арганізацыі, у дырэктыве не ўказваюцца. У той жа час з сэнсу дырэктывы вынікае, што гаворка ідзе ў першую чаргу аб арганізацыях, якія ў адпаведнасці з законам “Аб асновах грамадзянскай супольнасці” надзеленыя асаблівым статусам узаемадзеяння з дзяржавай”, — падкрэсліваецца ў аглядзе.

Звяртаецца ўвага, што “беларускія ўлады паставілі ў адзін шэраг з педафіліяй, якая з’яўляецца злачынствам, карэкцыю полу, аднаполыя адносіны і бяздзетнасць”. Гэта вынікае з праекта закона “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”. Згодна з дакументам, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) прапануецца дапоўніць артыкулам 19.16 “Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі”.

Падзяліцца: