Мінск 18:43

Экалагічны праект “Зялёная сетка” прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Крыніца: сайт "Зялёнай сеткі"

5 жніўня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў 30 ліпеня “экстрэмісцкім фарміраваннем” экалагічны праект “Зялёная сетка”, вынікае са спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

У склад “фармавання” КДБ уключыў акаўнты “Зялёнай сеткі” ў “Інстаграме” і “Тэлеграме”, тэлеграм-канал “Экадом”, чат “Экачат”, бот “Belarus Beehive” і сайт belarusbeehive.eu.

Датычнымі да праекта названыя Глеб Герасімовіч, Аляксандр Мількамановіч, Наталля Герасімава і Яраслаў Бекіш.

Бекіш — тэолаг-рэлігіязнаўца, магістр паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, каардынатар сеткі экалагічных грамадскіх арганізацый “Зялёная сетка”, былы член праўлення Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”. Дэлегат Каардынацыйнай рады другога склікання.

Герасімовіч і Мількамановіч у Мінску займаліся стартапамі, звязанымі з экалагічнымі праектамі.

“Зялёная сетка” — таварыства экалагічных арганізацый і экаактывістаў Беларусі, у якое ўваходзяць эксперты, валанцёры і ініцыятыўныя групы, а таксама актывісты, аб’яднаныя агульнай мэтай — “зрабіць Беларусь зялёнай, дэмакратычнай і квітнеючай краінай”.

Паводле інфармацыі на сайце сеткі, г эты экалагічны рух мае на мэце“садзейнічаць трансфармацыі Беларусі ў дэмакратычную і экалагічна ўстойлівую краіну для жыцця”.

Рэалізуе праграмы і праекты ў галіне абароны прыроды і ўстойлівага развіцця.

“Зялёная сетка” падтрымлівае актывістаў зялёнага руху, “асвятляе і ацэньвае дзейнасць актараў, якія ўплываюць на экалагічны і грамадзянскі парадак дня, павышае патэнцыял грамадзянскай супольнасці, укараняе і маштабуе інавацыйныя рашэнні ў галіне абароны прыроды і ўстойлівага развіцця”.

Дэ-юрэ ліквідаванае аб’яднанне “Экадом” у ліпені гэтага года выступіла супраць палявання на мядзведзя.

У красавіку эколагі заклікалі спыніць і вывесці з эксплуатацыі Беларускую АЭС “як небяспечную і непатрэбную” і вярнуць краіну да бяз’ядзернага нейтральнага статусу.

У сакавіку 2024-га “Зялёная сетка” заклікала да адмовы ад нафты, газу, вугалю, а таксама атамнай энергетыкі ў якасці іх альтэрнатывы на міжнародным форуме ААН.

7 верасня 2023 года арганізацыя заявіла аб неабходнасці прыпыніць увядзенне ў эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС і разабрацца з праблемамі першага блока.

Падзяліцца: