Мінск 21:08

Следчы камітэт справаздачыўся аб знішчэнні 350 кг гераіну

4 жніўня, Позірк. Аб спальванні партыі гераіну агульнай вагой каля 350 кг паведаміў 4 жніўня Следчы камітэт.

Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка ведамства Аляксандра Сухадольскага, больш за 320 кг з гэтай партыі “было канфіскавана ў рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох замежнікаў, удзельнікаў злачыннай арганізацыі і арганізаваных груп па незаконным абароце буйных партый наркатычных сродкаў”.

Паводле звестак следства, наркотыкі былі ўвезеныя ў Беларусь “пад выглядам пастаўкі сокаў і газаваных напояў з Ірана транзітам праз Расійскую Федэрацыю“. У далейшым яны знаходзіліся на адным з мінскіх складоў.

“Партыя наркотыкаў была прызначаная для далейшай пастаўкі ў краіны Еўрасаюза і Вялікабрытанію, а Беларусь выступала ў якасці перавалачнага пункта”, — адзначыў прадстаўнік СК.

16 жніўня 2024 года СК паведамляў, што чатыры замежнікі былі затрыманыя па абвінавачванні ў дастаўцы наркотыкаў з лістапада 2022 года па верасень 2023-га.

“Злачынная дзейнасць была выяўленая супрацоўнікамі Дзяржаўнага памежнага камітэта пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў”, — гаварылася ў паведамленні.

Удзельнікам злачыннай групы былі прад’яўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 285 (кіраўніцтва структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у злачынную арганізацыю), ч. 3 арт. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 4 арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай) Крымінальнага кодэкса.

17 ліпеня гэтага года прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта паведаміла аб спыненні арганізаванага канала ўвозу забароненых рэчываў і канфіскацыі найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі наркотыкаў і псіхатропаў — 1.077 кг. Паводле ацэнкі МУС, раздробны кошт партыі склаў 28 млн долараў.

У МУС таксама паведамлялі, што ў 2023–2024 гадах ва ўзаемадзеянні з Гродзенскай мытняй быў перакрыты аналагічны канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з Літвы. Было затрымана 18 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы, якая складаецца з грамадзян Беларусі, Літвы і Расіі, канфіскавана больш за 600 кг асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў коштам больш за 20 млн долараў.

4 жніўня стала вядома, што ў Мінскі гарадскі суд “для вызначэння падсуднасці” накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да “двух грамадзян, у тым ліку замежнай дзяржавы, якім інкрымінаваны незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі”.

Генпракуратура сцвярджае, што ў перыяд са снежня 2023 года па ліпень 2024-га абвінавачаныя “ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю “Хім-прам” (пазней перайменаваная ў “Мурмур Шоп”), у складзе якой ажыццяўлялі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незаконны абарот наркотыкаў”. “Падчас папярэдняга следства даказанае іх дачыненне да незаконнага абароту больш як 1.000 кг забароненых рэчываў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што “яны ж незаконна перамясцілі небяспечныя псіхатропныя рэчывы і небяспечныя наркатычныя сродкі” праз мяжу Беларусі і мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза.

Крымінальную справу вяло галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Генпракуратура лічыць, што сабрана “дастаткова доказаў і дадзеная дакладная кваліфікацыя дзеянням” фігурантаў справы, якія абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 285, ч. 4 арт. 328, ч. 3 арт. 3281 КК.

Гэта як мінімум другая справа па наркагрупе “Мурмур Шоп”, накіраваная сёлета ў суд. 8 красавіка Генпракуратура паведаміла, што накіравала ў Гродзенскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да двух замежных грамадзян, якім інкрымінаваны “незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі”. Тады абвінавачанні былі выстаўленыя паводле тых жа крымінальных артыкулаў.

За першыя шэсць месяцаў 2025 года колькасць асуджаных паводле “антынаркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса (327–332) павялічылася на 2,9% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, вынікае са статыстычных даных на сайце Вярхоўнага суда.

У студзені — чэрвені за здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, асуджана 1.092 чалавекі, за першую палову 2024-га — 1.061.

З гэтай колькасці паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) асуджана 1.005 чалавек, або 92% (за той жа леташні перыяд — 1.011, або 95,3%).

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта, у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваны 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

У 2024 годзе з незаконнага абароту было вынята амаль дзве тоны наркотыкаў, псіхатропаў і іх прэкурсораў. Канфіскаваная колькасць наркотыкаў у два разы большая, чым годам раней, паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Раней ён заявіў, што ў 2023 годзе было канфіскавана больш за тону наркотыкаў, што амаль у 6 разоў больш, чым у 2022-м.

Летась у лістападзе аб’яднанне BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якое трапіла ў яго распараджэнне, паведаміла, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія. З дакумента вынікала, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі было выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

Падзяліцца: