Мінск 16:24

Гліннік утрымала Каардынацыйную раду і зрабіла ўсё дзеля захавання яе эфектыўнасці і легітымнасці — спікер КР

Архіўнае фота: "Белсат"

4 жніўня, Позірк. Цяпер ужо былая віце-спікер Каардынацыйнай рады (КР) Станіслава Гліннік ўзяла на сябе вялікую адказнасць за палітычную структуру “у надзвычай складаныя часы”, калі перад ёю “стаялі як унутраныя выклікі, так і знешнія пагрозы”, заявіў спікер КР Арцём Брухан.

“У гэтых умовах вы, як выканаўца абавязкаў спікера з гонарам і годнасцю не толькі ўтрымалі інстытут, але і зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць яго эфектыўнасць і легітымнасць у вачах беларускага грамадства і міжнародных партнёраў, — завочна звярнуўся Брухан да Гліннік. — Вашая праца была прыкладам служэння агульным інтарэсам — спакойна і паслядоўна. Ваша дзейнасць, скіраваная на захаванне адзінства і салідарнасці, была і застаецца вельмі каштоўнай”.

Спікер КР падкрэсліў, што “з цяжкім сэрцам” прачытаў заяву Гліннік пра адстаўку, але “разумее” яе выбар і “ўспрымае яго з павагай”.

“Змяняюцца ролі і формы ўдзелу, але не змяняецца сутнасць — служэнне Беларусі і яе будучыні. Шчыры дзякуй за працу, адданасць, цярплівасць і сілу. Няхай далейшы шлях будзе плённым, поўным новых магчымасцяў і вартых людзей побач”, — зычыў Брухан.

Станіслава Гліннік 2 жніўня абвясціла пра прынятае рашэнне скласці з сябе паўнамоцтвы віцэ-спікера КР.

“Прычын шмат, але асноўная — гэта павелічэнне маёй нагрузкі ў офісе Святланы Ціханоўскай, — напісала яна на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — Я ўдзячная кожнай і кожнаму ў Каардынацыйнай радзе за супрацу і давер. Для мяне гэта быў важны досвед. Працягну сваю працу дзеля Беларусі, спадзеючыся і надалей на падтрымку і ўзаемаразуменне”.

Сёлета ў красавіку Гліннік паведаміла “Позірку”, што не будзе прэтэндаваць на пасаду спікера КР і яшчэ будзе думаць, ці заставацца ёй віцэ-спікерам гэтай структуры. Аргументуючы сваё рашэнне, палітык, якая з’яўляецца асабістай памочніцай Ціханоўскай, адзначыла, што для яе важна захаваць тую частку працы, якая “тычыцца падтрымкі прэзідэнта-элект і дапамогі ёй”.

Гліннік магла стаць спікерам КР аўтаматычна — статут структуры прадугледжвае такі варыянт, калі дзейны кіраўнік не можа выконваць свае функцыі і яго намеснік згодны заняць гэтае месца. Пазіцыя кіраўніка КР фактычна апынулася вакантнай пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай. Пасля адмовы Гліннік пераняць паўнамоцтвы спікерам КР быў абраны Арцём Брухан.

Падзяліцца: