Мінск 20:51

Начальнік аддзела УС: Часам дзеці падказваюць нам, як выкарыстоўваць БПЛА

Крыніца: news.by / скрншот "Позірку"

3 жніўня, Позірк. “Беспілотнікі ўжо перасталі быць нейкай экзотыкай. Укараненне іх ідзе паўсюдна і ўсюды”, — заявіў начальнік аддзела ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Дзяніс Дудкін у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”.

“Вядома, досвед СВА моцна пераймаецца беларускімі Узброенымі сіламі”, — дадаў ён, згадаўшы ў гэтым кантэксце эфектыўнасць мультыматорных БПЛА.

Разведвальныя БПЛА Дудкін назваў “вачамі арміі”, ударныя — “другой канвой”, якая ідзе за імі.

“Значная колькасць беспілотнікаў цяпер займае нішу па паразе звыш 50%”, — сказаў прадстаўнік УС.

“Ну і трэцяя канва —ворага неабходна асляпіць, аглушыць. Таму беспілотнікі могуць выкарыстоўвацца ў якасці сродкаў РЭБ, пастаноўкі перашкод, <…> аэразольных завес з дапамогай розных дымоў, каб вораг не бачыў розныя напрамкі перамяшчэння нашых войскаў, размяшчэнне”, — адзначыў ён.

Пры гэтым, паводле сцвярджэння ваеннага, “без добрага аператара беспілотнік — гэта ўсяго толькі цацка”.

У Беларусі сістэма падрыхтоўкі аператараў БПЛА, паводле Дудкіна, арганізавана “паводле пэўнага замкнёнага цыклу: школа — Ваенная акадэмія або ваенны факультэт — ну і войскі”.

Гаворачы аб рабоце з БПЛА ў некаторых школах, начальнік аддзела УС адзначыў: “У дзяцей зараджаецца вось гэта любоў да авіяцыі, у дадзеным выпадку беспілотнай <…>. Дзеці хутчэй хапаюць вось гэтыя навыкі. Яны праяўляюць пэўную крэатыўнасць і <…> сваё імкненне паказаць магчымасці выкарыстання. Гэта дае пэўны водгук для нас. Мы пачынаем пэўны, мы пачынаем. нейкія тактычныя прыёмы. Няхай гэта трошкі выглядае надзіва, але часам дзеці падказваюць нам, як можна выкарыстаць той ці іншы лятальны апарат“.

У якасці прыкладаў ён прывёў спецыялізаваныя класы ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці і сталічнай сярэдняй школе № 64. У першым выпадку размова ідзе аб эксплуатацыі апаратаў, другім — іх камп’ютарных сімулятараў.

Аднак, паводле Дудкіна, у другую са школ “плануюць набыць рэальныя ўзоры, каб [вучні] выконвалі палёты” БПЛА. Начальнік аддзела УС таксама выказаўся за пашырэнне такой практыкі на навучальныя ўстановы ў розных рэгіёнах.

На пытанне, ці цікава дзецям займацца з беспілотнікамі, военачальнік адказаў: “Іх матывацыя пераўзыходзіць нашы чаканні”.

“Маленькія дзіцячыя ручкі, трымаючы ў руках пульт, зліваюцца з гэтай тэхнікай і робяць цуды”, — заявіў ён.

Гаворачы аб падрыхтоўцы аператараў БПЛА ў Ваеннай акадэміі, Дудкін падкрэсліў, што стаўка робіцца на “крэатыўнасць і нестандартнасць мыслення”: “Таму што аператар, які працуе проста па буквары, лёгка счытваем праціўнікам”.

Cтварэнне спецыялізаваных класаў падрыхтоўкі аператараў БПЛА анансаваў папярэднік Дудкіна на пасадзе Міхаіл Бранскі ў снежні мінулага года.

З 15 студзеня кафедра спецыяльнай падрыхтоўкі і баявога прымянення беспілотнай авіяцыі дзейнічае ў Ваеннай акадэміі.

Аб тым, што ў структуры Узброеных сіл “у якасці самастойнага кампанента” створаны “войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў”, заявіў начальнік Генеральнага штаба ВС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка 13 чэрвеня ў час наведвання Аляксандрам Лукашэнкам Цэнтра падрыхтоўкі і прымянення БАК у Бярозаўскім раёне.

ССА змагаюцца з беспілотнікамі, заявіў камандуючы гэтага роду войскаў на чацвёрты дзень пасля падзення ў Мінску дрона

1 жніўня, Позірк. Сілы спецыяльных аперацый (ССА) Узброеных сіл рэагуюць на "вельмі складаную абстаноўку" вакол Беларусі, заявіў журналістам 1 жніўня камандуючы ССА Вадзім Дзенісенка. Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны, гэты род войскаў сёння "выконвае задачы па прыкрыцці …

Навучаць праектаванню беспілотнікаў у Беларусі будуць ад 5 да 5,5 года

11 ліпеня, Позірк. У Беларусі навучанне па спецыяльнасцях "Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў" і "Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў" будзе весціся ў рамках бесперапыннай вышэйшай адукацыі, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 95 ад 6 чэрвеня. Дакумент, які …
Падзяліцца: