Мінск 17:44

У Баранавіцкім раёне сямігадовае дзіця патанула ў тэхнічным калодзежы 

Крыніца: прэс-служба СК / скрыншот "Позірк"

3 жніўня, Позірк. У Баранавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) патанула дзіця, паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.

Трагедыя адбылася днём 3 жніўня ў в. Юшкавічы.

“Папярэдне ўстаноўлена, што бацька ўзяў сямігадовага хлопчыка з сабой на тэрыторыю прадпрыемства. Застаўшыся без нагляду, ён упаў у адкрыты тэхнічны калодзеж, напоўнены вадой і адходамі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Праводзіцца праверка. На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група, “высвятляюцца ўсе абставіны, а таксама прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі дзіцяці”.

На тэрыторыі якога менавіта прадпрыемства загінуў непаўнагадовы, не пазначана.

У першым квартале 2025 года ад знешніх прычын у Беларусі загінула 32 непаўналетніх, паведамляла ў траўні аб’яднанне BelPol са спасылкай на атрыманы службовы ліст намесніка генпракурора Аляксея Стука ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і мясцовыя органы ўлады.

Адзначалася, што смяротнасць вырасла на 52,4%.

У 2024 годзе ў Беларусі ад знешніх прычын загінула 126 дзяцей — на 34% больш, чым у 2023-м (94).

Падзяліцца: