Мінск 16:04

Маецца рызыка “вялікай вайны” ў Еўропе, сістэма бяспекі распалася не ў 2022 годзе, сцвярджае намеснік кіраўніка МЗС Беларусі

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта
Архіўнае відэа: прэс-служба МЗС / стоп-кадр: "Позірк"

2 жніўня, Позірк. У Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з’явіцца будучыня, калі краіны-ўдзельніцы пачнуць разглядаць яе як “практычны інструмент паляпшэння міждзяржаўнага ўзаемадзеяння на кантыненце, <…> дыялогу”, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта 1 жніўня ў Хельсінкі.

Паводле інфармацыі МЗС, беларускі чыноўнік прадставіў адпаведную пазіцыю “пасля сумеснай выніковай сесіі з удзелам дэлегацый дзяржаў — удзельніц АБСЕ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці”.

Сякрэта сцвярджае, што цяпер “механізм АБСЕ працуе не проста ўхаластую, а адкрыта шкодзіць”.

“Калі мы хочам, каб сітуацыя палепшылася, нам трэба змяніць сваё мысленне, сур’ёзна вывучыць гістарычныя прычынна-выніковыя сувязі, паспрабаваць зразумець, як на самой справе адбыўся распад еўрапейскай сістэмы бяспекі і супрацы. Гэта адбылося не ў 2022 годзе”, — заявіў ён, спрабуючы, верагодна, збіць фокус удзельнікаў сустрэчы з таго, што сітуацыя ў рэгіёне абвастрылася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсебакова падтрымлівае Крэмль.

Паводле слоў Сякрэты, АБСЕ “не прынясе і не захавае мір і ўзаемаразуменне насуперак агульнай волі дзяржаў-удзельніц”, паколькі ў арганізацыі “больш няма агульнай волі”, “адзінага разумення агульнай мэты і агульных каштоўнасцяў”.

“Як і 50 гадоў таму, мы зноў сутыкнуліся з рызыкай вялікай вайны ў Еўропе. <…> Сёння Еўропа, на жаль, рухаецца саманавязаным прароцтвам вайны, — сцвярджае чыноўнік. — Аднак у АБСЕ мы працягваем шмат казаць, але наўрад ці слухаем. Калі максімум, на што мы здольныя, — гэта перацягванне каната ўзаемных абвінавачанняў, <…> то мы так нічога і не даможамся. Але калі мы зможам узняцца над ідэалагічнымі догмамі і забабонамі, то мы зможам прынесці мір у Еўропу”.

Для гэтага, паводле слоў намесніка міністра замежных спраў Беларусі, трэба “зноў задзейнічаць дыпламатыю”. Ён заявіў, што “спыненне ваенных дзеянняў і новая разрадка ў Еўропе стануць следствам, а не перадумовай паляпшэння стану міжнародных стасункаў”.

“Як нам перайсці на гэтую прасунутую стадыю міжнароднага ўзаемадзеяння? — задаўся пытаннем Сякрэта. — Мы маглі б зрабіць гэта, прызнаўшы відавочнае і затым дамовіўшыся пра будучы механізм бяспекі ў Еўразіі. Вядома, вызначэнне “відавочнага” моцна адрозніваецца па розныя бакі Буга. Каб пераадолець гэты разрыў ва ўзаемаразуменні, калі ўрадавыя чыноўнікі ўсё яшчэ з нейкіх прычын не гатовыя да “збліжэння”, мы маглі б даручыць нашым давераным аналітыкам, навукоўцам і журналістам распачаць дыялог”.

Паводле яго слоў, Беларусь “гатовая ўдзельнічаць у гэтым дыялогу дзе заўгодна”, “без якіх-небудзь папярэдніх умоў і патрабаванняў”. Чыноўнік прапанаваў “прысвяціць гэтай мэце” чарговую Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, якая пройдзе 28–29 кастрычніка.

“Бо Беларусь, якая знаходзіцца ўжо столькі гадоў на геапалітычным водападзеле, з’яўляецца для дыялогу найлепшай пляцоўкай, як і для выпрацоўкі рашэнняў па рэгіянальных канфліктах, — сцвярджае прадстаўнік МЗС. — Прыязджайце — паразмаўляем. А вынікам будзе добрая база для будучага швейцарскага старшынства АБСЕ. Мы таксама лічым, што швейцарскае старшынства АБСЕ найлепшым чынам падрыхтаванае — з пункту гледжання мандата і аўтарытэту — да такіх абмеркаванняў”.

“Проста гэта павінна адбыцца раней. Калі адзін бок будзе занадта доўга цягнуць час, спадзяючыся адолець другі на полі бою або задушыць яго эканамічна, то нашаму кантыненту пагражае сапраўды вельмі змрочная будучыня”, — заявіў ён.

Рабочая дыскусія АБСЕ, на якой выступіў Сякрэта, адбылася на наступны дзень пасля маштабнай канферэнцыі Helsinki+50, прымеркаванай да 50-годдзя падпісання 1 жніўня 1975 года Хельскінскіх пагадненняў, якія пасля сталі падмуркам для стварэння арганізацыі.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выступіла на паралельным мерапрыемстве гэтага форуму, якое было прысвечанае рэпрэсіям у дачыненні да праваабаронцаў у Беларусі. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта.

У рамках візіту палітык таксама сустрэлася з шэрагам еўрапейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН і ПА АБСЕ.

Падзяліцца: