Мінск 15:04

Дрон, які ўдарыў па доме ў Мінску, нёс 59 кг выбухоўкі, заяўляе Лукашэнка

Момант падзення дрона на аўтамабіль (упышка з правага боку)
Архіўнае відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

1 жніўня, Позірк. Беспілотны лятучы апарат, які ўпаў уначы 29 ліпеня ў Мінску, нёс баявое начынне, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ).

“Вы ведаеце выпадак, калі [дрон упаў] ужо ў Беларусі. 59 кілаграмаў выбухоўкі, начынены шарыкамі ды іншае. Ну добра, не выбухнуў. Ударыў па дзесяціпавярховым доме, дзе жылі звычайныя простыя людзі”, — сказаў ён.

Варта адзначыць, раней Міністэрства абароны паведамляла, што палёт непазнанага паветранага аб’екта — “парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванага як БЛА” — быў “спынены”. Заява Лукашэнкі пра тое, што дрон “ударыў па доме”, гучыць так, быццам беспілотнік зрабіў гэта мэтанакіравана, у той час як з паведамлення ваеннага ведамства вынікае, што апарат уляцеў у будынак ужо пасля таго, як быў дэзактываваны.в

Пра інцыдэнт у Мінску Лукашэнка згадаў, разважаючы пра прапановы наконт магчымага паветранага перамір’я ў вайне Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву.

На чэрвеньскай сустрэчы са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Украіне Кітам Келагам у беларускай сталіцы Лукашэнка, паводле ўласных слоў, заявіў, што РФ і асабіста Пуцін зацікаўленыя ў такім перамір’і. “Але вы ж гэтага не хочаце, — нібыта сказаў ён тады амерыканскаму госцю. — Скажыце [прэзідэнту Украіны Уладзіміру] Зяленскаму, хай на гэта ідзе, каб не было вось гэтых лятучых апаратаў і каб яны не падалі людзям на галаву”.

Ранкам 29 ліпеня партал “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў паведаміў, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, які ўпаў, быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачатая крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіў, што сілавікі затрымліваюць жыхароў сталіцы ля месца падзення беспілотніка, верагодна, спрабуючы высветліць, хто перадаў інфармацыю незалежным СМІ. Мінская міліцыя паспяшалася назваць гэта “недакладнай інфармацыяй” і прыгразіла яе распаўсюднікам крымінальнай адказнасцю.

Аб’яднаны пераходны кабінет заклікаў беларусаў звяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як гарантуецца бяспека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы краіны знаходзяцца “небяспечныя для жыцця” БПЛА.

Летась у верасні Мінабароны было вымушанае прызнаць факт знішчэння беспілотнікаў, якія, паводле паведамленняў рэгіянальнага медыя “Флагшток”, праляталі над Гомелем.

Сёлета ў сакавіку намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў заявіў, што ў Беларусь “вельмі часта” залятаюць беспілотнікі з тэрыторыі Украіны. “Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь. Вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі. Колькі яны падалі ў населеных пунктах — Лойнікі, у Хоеве (верагодна, гаворка пра Хойнікі і Лоеў, раённыя цэнтры Гомельскай вобласці. — “Позірк”.)… Вы ведаеце, яны не выбухаюць”.

“Яны вось проста паміж дамоў падаюць, на дарогу падаюць, да дома застаецца 50–60 метраў. І, вы ведаеце, яны не дэтануюць”, — дадаў чыноўнік.

Гл. таксама:

Вось вам і мірнае неба. Беспілотнік упаў на дом у Мінску, улады малююць украінскі след (на рускай мове)

Падзяліцца: