Мінск 08:14

За сем месяцаў у Беларусь прыбыла больш за 65 тыс. грамадзян Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

1 жніўня, Позірк. З 1 студзеня па 1 жніўня 2025 года ў Беларусь прыбыла 65.429 грамадзян Украіны, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, які не абнаўляў адпаведную статыстыку з 6 чэрвеня.

Паводле даных ведамства, ад пачатку года непасрэдна з тэрыторыі Украіны прыбыла 35 грамадзян гэтай краіны (з іх у ліпені — 6), транзітам праз Польшчу — 52.543 (10.660), Літву —12.004 (2.354), Латвію — 847 (264).

Праведзены Позіркам аналіз статыстычных даных Дзяржпагранкамітэта паказаў, што ад пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі (24 лютага 2022 года), у Беларусь уехала 346.213 грамадзян Украіны. З іх непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу — 16.052, транзітам праз Польшчу — 257.185, Літву — 65.616, Латвію — 7.360.

Згодна з інфармацыяй пагранічнага ведамства, за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь прыбыла больш за 71 тыс. грамадзян Украіны; такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым 2024 года Ігар Кізім, які на той момант займаў пасаду амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Апошнія даныя ААН дэманструюць значнае скарачэнне колькасці ўкраінскіх уцекачоў. На 31 ліпеня 2025 года па ўсім свеце іх налічвалася 5.675.680 (на 17 красавіка — 6.917.800), у тым ліку ў краінах Еўропы — 5.115.120 (6.357.600).

Падзяліцца: