Мінск 22:07

У асацыяцыі бізнесу і наймальнікаў заявілі аб “дэградацыі імпартазамяшчэння“

Ілюстрацыя: "Позірк"

31 ліпеня, Позірк. За прыняцце “дзейсных мер па абароне ўнутранага рынку” выказалася віцэ-старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі бізнесу і наймальнікаў “БСП-прам“ Маргарыта Алізаровіч у артыкуле “Спыніць дыскрымінацыю беларускага вытворцы“ для навукова-практычнага часопіса “Финансы. Учет. Аудит“ (заснавальнікі — Міністэрства фінансаў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт,“Белдзяржстрах”).

Аўтар прывяла даныя Белстата, згодна з якімі доля айчыннай прадукцыі ў рознічным тавараабароце скарацілася з 80,4% у 2005 годзе да 56,4% у 2024-м і 53,5% у першым квартале 2025-га.

“Цяпер трэнд на пагаршэнне пазіцый мясцовых прадпрыемстваў захоўваецца. На вачах дэградуе імпартазамяшчэнне, павялічваецца колькасць функцыянуючых ніжэй за рэнтабельнасць (гэта значыць стратных. — “Позірк”.) арганізацый і банкруцтваў бізнэсаў”, — піша Алізаровіч.

Галоўнай прычынай згортвання імпартазамяшчэння прадстаўнік асацыяцыі назвала “адсутнасць эфектыўных мер абароны мясцовага рынку”.

“Жыццё паказала і даказала, што ідэі аб максімальнай лібералізацыі (калі самі рынкі ўсё адрэгулююць) утапічныя і лабіруюцца ў інтарэсах толькі міжнародных карпарацый. Ніводная дзяржава, якая паважае сябе, вольніцы ў разгляданай сферы не дапускае”, — заявіла Алізаровіч.

Айчыннае заканадаўства ў гэтай сферы яна назвала “недастаткова эфектыўным“, бо ўтрымлівае “прабелы і недапрацоўкі“. Пры гэтым у гандлі “прысутнічаюць абуральныя факты ўшчамлення айчыннага вытворчага бізнесу: яго тавары часам скідваюцца ў непрывабныя месцы ў мінімальнай колькасці або наогул ніяк не прадстаўленыя“. У той жа час імпарт “ледзьве не паўсюдна выкладзены на лепшых паліцах і ў велізарнай колькасці кожнага наймення“.

“На нашу думку, у мэтах нацыянальнай бяспекі важна ўтрымліваць на высокім узроўні прысутнасць на прылаўках менавіта прадукцыі нашых вытворцаў, — падкрэсліла аўтар. — Тады пры любой палітычнай кан’юнктуры грамадзяне змогуць набыць патрэбныя рэчы і прадукты, а выдаткаваныя імі грошы застануцца ўнутры эканомікі нашай краіны“.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+“

Падзяліцца: