Мінск 22:03

У Беларусі рэпрэсавана не менш за паўмільёна грамадзян — BelPol

Ілюстрацыйнае фота: Ruben Christen / unsplash.com

31 ліпеня, Позірк. У Беларусі з палітычных матываў рэпрэсіравана і рэпрэсуецца цяпер не менш як 500 тыс. грамадзян, да такой высновы прыйшлі аналітыкі з аб’яднання былых сілавікоў BelPol.

У аналітычным матэрыяле гаворыцца, што гэты лік можа быць у разы большым з улікам сваякоў рэпрэсаваных, на якіх таксама распаўсюдзіліся негатыўныя наступствы дзеянняў уладаў. Аднак, як адзначаецца, розныя катэгорыі пацярпелых перамяжоўваюцца, таму названая колькасць — паўмільёна — гэта мінімальная ацэначная лічба.

Да ліку рэпрэсаваных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі BelPol адносіць не толькі асоб, асуджаных у крымінальным парадку з палітычных матываў (паводле даных аб’яднання, каля 7.100 чалавек), але таксама іншыя катэгорыі пацярпелых.

У прыватнасці, гэта ўнесеныя ў базу “Беспарадкі”, дзе сабраныя звесткі 100 тыс. грамадзян, якіх лічаць датычнымі да пратэстнай дзейнасці. Усе гэтыя людзі, канстатуюць аўтары матэрыялу, сутыкаюцца з праблемай працаўладкавання ў дзяржаўныя арганізацыі, многія незаконна звольненыя з ранейшых месцаў працы, трапляюць пад розныя праверкі.

Рэпрэсіі таксама зазнаюць усе, хто ў 2020 годзе падпісаўся за вылучэнне “альтэрнатыўных” кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. BelPol адзначае, што ў асноўным грамадзяне падпісваліся за трох прэтэндэнтаў адначасова (па выніку зарэгістраваная кандыдатам Святлана Ціханоўская, а таксама не дапушчаныя да выбараў Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала), і паводле ацэначных даных, улады атрымалі звесткі прыкладна 400 тыс. чалавек. Значную частку гэтых людзей звольнілі з дзяржаўнай і вайсковай службы, з праваахоўных і сілавых структур.

Нарэшце, BelPol адносіць да асоб, якія зазнаюць рэпрэсіі, вымушаных эмігрантаў, якіх, паводле розных падлікаў, каля 500 тыс. Адзначаецца, што людзі фактычна згубілі або згубяць грамадзянства ў будучыні з прычыны заканчэння тэрмінаў дзеяння пашпарта пры немагчымасці атрымаць іншы.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што эмігранты не праз сваё жадання пазбаўленыя традыцыйнага ладу жыцця, узроўню медыцынскага забеспячэння і даходаў. Многія фактычна страцілі маёмасць (нерухомасць, транспарт, бізнес ды інш.), якая засталася ў Беларусі, праз немагчымасць ёю распараджацца. Людзі пазбаўленыя беларускіх пенсій ці правоў на іх, працоўнага стажу.

Былыя палітвязні, звярнулі ўвагу ў арганізацыі, працягваюць зазнаваць рэпрэсіі, паколькі нярэдка над імі ўсталёўваюць прэвентыўны нагляд ці прафілактычнае назіранне, у сувязі з чым многія вызваленыя істотна абмежаваныя ў правах.

Асоба, якая знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, абавязаная стаць на ўлік у міліцыі і некалькі разоў у месяц з’яўляцца для праверкі; апавяшчаць органы ўнутраных спраў пра змену месца жыхарства; не наведваць пэўныя месцы (напрыклад, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы); не пакідаць сваё жытло ў пэўны час сутак (напрыклад, з 19:00 да 6:00). Падобныя меры прымяняюцца пры прафілактычным назіранні.

У публікацыі гаворыцца, што ўсе былыя палітвязні маюць праблемы з працаўладкаваннем. Ім адмаўляюць у прыёме на працу або прапануюць самыя нізкааплатныя пасады з цяжкімі ўмовамі працы. У выніку шмат хто не мае элементарных сродкаў да існавання.

Многія былыя беларускія палітвязні ўключаныя ў спісы “тэрарыстаў” ці “экстрэмістаў”, што фармуюць сілавыя структуры.

“Напрыклад, так званым “тэрарыстам” нельга нават прадаць сваю маёмасць або атрымаць зарплату на банкаўскую картку, набыць паслугі мабільнай сувязі або доступу ў інтэрнэт і г.д. — адзначылі аўтары матэрыялу. — Таксама для “тэрарыстаў” і “экстрэмістаў” дзейнічае забарона на тое, каб займацца пэўнымі відамі прафесійнай дзейнасці (выкладанне, аказанне шэрагу медыцынскіх паслуг, работа ў дзяржарганізацыях)”.

Практыка вызвалення палітвязняў на падставе рашэння Лукашэнкі з вывазам людзей за межы Беларусі дэманструе “бандыцкую сутнасць дыктатара і адсутнасць нават фармальнай наяўнасці якой-небудзь прававой сістэмы ў цяперашняй Беларусі”, лічаць у BelPol. Адзначаецца, што людзей дэпартуюць без згоды, без суправаджальных дакументаў, яны не ведаюць свайго статусу. Па сутнасці гаворка ідзе не пра памілаванне, якое з’яўляецца юрыдычнай працэдурай са строга вызначаным парадкам, падкрэслілі ў аб’яднанні.

Арганізацыя мяркуе, што ў сітуацыі масавых рэпрэсій “казаць пра скасаванне міжнародных санкцый нельга ні ў якім разе”, аднак іх можна часова прыпыніць або мінімізаваць у асобных напрамках, калі рэжым выканае шэраг абавязковых патрабаванняў.

“Патрабаванне аб вызваленні “вязняў сумлення” можа быць пачатковым этапам дамоўленасцей пра нармалізацыю сітуацыі ў Беларусі і аднаўленне законнасці ў краіне”, — лічыць BelPol.

Абавязковымі ўмовамі вызвалення павінны быць добраахвотнасць, поўная крымінальная рэабілітацыя і права выбару — застацца ў Беларусі або выехаць за мяжу з магчымасцю збору неабходных дакументаў. У дачыненні да вызваленых маюць быць спыненыя ўсе нагляды і назіранні, падкрэсліваецца ў матэрыяле.

Асобы, якія засталіся ў Беларусі, павінны быць выключаны з “экстрэмісцкага” і “тэрарыстычнага” спісаў, у дачыненні да іх не павінна быць “другасных рэпрэсій”, з іх павінны быць знятыя абмежаванні па працаўладкаванні і выездзе за мяжу.

Адзначаецца, што ў дачыненні да вымушаных эмігрантаў у першую чаргу неабходна вырашыць пытанні замены нацыянальных дакументаў са скончаным тэрмінам дзеяння.

Абавязковай умовай таксама павінна стаць спыненне новых палітычных рэпрэсій у краіне.

Акрамя таго, мяркуюць у BelPol, трэба выпрацаваць скаардынаваную з міжнароднымі партнёрамі стратэгію па падтрымцы ўсіх гэтых катэгорый рэпрэсаваных беларусаў.

Падзяліцца: