Мінск 22:09

За хабар ад будаўнічых кампаній затрыманы чыноўнік аднаго з райвыканкамаў Гродзенскай вобласці

Ілюстрацыя: Alexander Grey / unsplash.com

31 ліпеня, Позірк. Пры атрыманні хабару затрыманая службовая асоба аднаго з раённых выканаўчых камітэтаў Гарадзенскай вобласці, паведамляе прэс-служба МУС.

Адзначаецца, што 41-гадовы чыноўнік курыраваў сферу будаўніцтва і “сістэматычна атрымліваў грашовыя сродкі ад кіраўнікоў камерцыйных структур за іх удзел і далейшую перамогу ў конкурсных працэдурах закупак“.

“Гэты выпадак не адзінкавы, устанаўліваюцца іншыя эпізоды злачыннай дзейнасці“, — гаворыцца ў прэс-рэлізе. На затрыманага заведзены шэраг крымінальных спраў.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у студзені — чэрвені 2025 года за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгаворана да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.

Згодна з апублікаваным у лютым 2025 года “Індэксам успрымання карупцыі“, які штогод вылічаецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International, у Беларусі сітуацыя з карупцыяй пагаршаецца чацвёрты год запар.

Індэкс вылічваецца на аснове ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам прысвойваюць балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).

Па выніках 2024 года Беларусь набрала 33 балы (у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у найлепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 114-е месца (годам раней 98-е) з Босніяй і Герцагавінай, Лаосам, Манголіяй, Сьера-Леонэ, Панамай і Філіпінамі.

Падзяліцца: