Беларускі ПЭН: З’яўленне спісу забароненых выданняў — новая форма цэнзуры

31 ліпеня, Позірк. У першым паўгоддзі 2025 года ў Беларусі зафіксавана не менш як 593 парушэнні культурных правоў і правоў дзеячаў культуры, гаворыцца ў справаздачы Беларускага ПЭНу (дзейнічае за мяжой).
Самым частым відам парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу стала прызнанне матэрыялаў на тэму культуры і акаўнтаў у сацыяльных сетак дзеячаў культуры “экстрэмісцкімі матэрыяламі” (183 выпадкі).
Цэнзура (з улікам спісу друкаваных выданняў, “забароненых для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі”) — на другім месцы (103).
З’яўленне такога спісу ахарактарызавана як “новая форма цэнзуры”. Яго фармаванне стала магчымым пасля ўступлення ў кастрычніку 2023 года змяненняў у закон аб выдавецкай справе, які упаўнаважыў Міністэрства інфармацыі весці гэты пералік, нагадваюць аўтары маніторынгу.
Першы афіцыйны спіс быў апублікаваны на сайце міністэрства ў лістападзе 2024 года. На сёння ў пераліку 110 пазіцый, 75 з якіх дадалося ў першай палове гэтага года.
“Спіс з’яўляецца часткай дзяржаўнай палітыкі кантролю інфармацыйнай прасторы, інструментам палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры”, — сцвярджаюць аўтары.
Арганізацыя за паўгоддзе зафіксавала 63 парушэнні правоў дзеячаў культуры на справядлівы суд і доступ да правасуддзя.
Вядома пра завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да 47 дзеячаў культуры: “У кожным другім выпадку — 23 чалавекі — гаворка ідзе пра пераслед палітычных эмігрантаў”.
Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 24 чалавекі, у тым ліку ў рамках завочнага судовага разбору. “У дачыненні да кожнага пятага чалавека гэта ўжо другі (або больш) прысуд пасля падзей 2020 года”, — адзначаецца ў справаздачы.
Не менш як 22 дзеячы культуры сутыкнуліся з адвольным затрыманнем або арыштам, двое з іх —двойчы.
Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 17 чалавек (18 адміністрацыйных пратаколаў).
У дачыненні да мінімум чатырох былых палітзняволеных — дзеячаў культуры, якія выехалі з краіны пасля вынясення прысуду ў выглядзе абмежавання волі, адбыліся завочныя суды аб замене рашэння на больш жорсткае.
У спісы “экстрэмістаў” за паўгады ўнесены яшчэ 23 дзеячы культуры, “тэрарыстаў” — сем.
17 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг уключаны ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Зафіксавана 47 выпадкаў парушэнняў, звязаных з пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і месцамі памяці: “Сярод іх: неналежнае абыходжанне з аб’ектамі нерухомай спадчыны, аж да іх разбурэння; адсутнасць ахоўнага статусу ў асобных помнікаў архітэктуры; антырэстаўрацыя — невыкананне арыгінальнага колеравага рашэння, знішчэнне аўтарскага дэкору фасадаў, варварскія “еўрарамонты”; страта ўнікальных твораў мастацтва; непавага і абыякавасць чыноўнікаў да захаванасці мемарыялаў і іншыя пытанні ў галіне аховы помнікаў архітэктуры, пахаванняў і іншых месцаў памяці”.
Асобна згадваецца знішчэнне месцаў памяці, звязаных з лідарам паўстання 1794 года Тадэвушам Касцюшкам.
11 траўня стала вядома пра знікненне інфармацыйнай шыльды з мемарыяльнага каменя каля в. Касцюшкава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Таксама дэмантаваны бюст Касцюшкі, створаны ў 1932 годзе. З 1988 года ён знаходзіўся на тэрыторыі родавай сядзібы Касцюшкаў ў в. Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Зніклі і любыя згадкі пра героя з сайта Жабінкаўскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея, ля ўваходу ў які стаяў бюст, хаця “раней музей вылучаўся ўнікальнай калекцыяй экспанатаў, прысвечанай жыццю і дзейнасці “героя трох кантынентаў”, прадстаўленай у адной з зал”.
“Музейная экспазіцыя была заменена ўжо пэўны час таму — на стэнды з прапагандысцкай рыторыкай, прысвечанай савецкім партызанам і тэме “генацыду беларускага народа”, — гаворыцца ў справаздачы.

- Эканоміка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара паказаў месячны рост упершыню пасля лістапада 2024 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаДэмсілы Беларусі зацікаўленыя больш узаемадзейнічаць з ПА АБСЕ — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала са спікерам фінскага парламента важнасць падтрымкі праеўрапейскіх настрояў сярод беларусаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ першай палове 2025 года ў Беларусі звольнена на 7% працаўнікоў больш, чым нанятаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка