Мінск 15:40

Мытня Польшчы знайшла кантрабандныя беларускія цыгарэты ў кантэйнерах з Кітаю

Фота: прэс-служба Люблінскай МПС у Бяла-Падлясцы

30 ліпеня, Позірк. Супрацоўнікі польскай Мытна-падатковай службы (МПС) у Малашэвічах (чыгуначны тэрмінал ля мяжы з Беларуссю) спынілі кантрабанду цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі, паведамляе Люблінская МПС у Бяла-Падлясцы.

Рынкавы кошт грузу ацэньваецца ў 1,4 млн злотых (каля 380 тыс. долараў).

Адзначаецца, што цыгарэты знаходзіліся ў двух чыгуначных кантэйнерах, якія прыбылі ў Польшчу на грузавых цягніках з Кітаю. У кожным з кантэйнераў было па 40 тыс. пачкаў цыгарэт, якія былі схаваныя сярод легальна ўвезенай прадукцыі.

Люблінская МПС распачала расследаванне. Кантрабандныя цыгарэты адпраўленыя на склад Нацыянальнага падатковага ўпраўлення (НПУ). Пасля таго, як суд прыме рашэнне пра канфіскацыю на карысць дзяржавы, іх знішчаць.

Раней НПУ паведамляла, што пры аглядзе 14–16 ліпеня трох грузавікоў, што рухаліся ў Польшчу з Расіі праз Латвію і Літву, на дне кардонных скрыняў з цыбуляй і бураком было знойдзена 5 млн беларускіх цыгарэт без акцызных марак.

Падзяліцца: