У парадку дня не паслабленне, а ўзмацненне санкцый супраць Беларусі — кіраўнік МЗС Літвы

30 ліпеня, Позірк. Цяпер у Літве “не адбываецца ніякіх працэсаў, звязаных з пераглядам санкцыйнай палітыкі і канкрэтных мер у дачыненні да Беларусі [у бок паслаблення]”, заявіў журналістам 30 ліпеня ў будынку ўрада літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.
“Наадварот, мы глядзім, куды нам варта пашырыць гэтае кола [санкцый] і якія яшчэ меры ўздзеяння прымяніць, — цытуе чыноўніка партал навін Delfi. — Шкада, што дэпутаты Сейма, якія распаўсюджваюць неабгрунтаваныя чуткі, не прыходзяць на пасяджэнні, дзе мы маем магчымасць паразмаўляць, і цяпер ствараюць вакол сябе бурбалку, быццам тут нешта наспявае”.
Будрыс не назваў канкрэтных дэпутатаў, якія распускаюць гэтыя чуткі.
Пры гэтым кіраўнік літоўскай дыпламатыі не стаў дэталёва каментаваць прапанову тэрмінала сыпкіх грузаў Клайпедскага порта (Birių krovinių terminalas, BKT), якая знаходзіцца на разглядзе ўрада, пра тое, каб заключыць міравое пагадненне і аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў.
“Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, таму што яшчэ адзін момант, звязаны з публічнасцю, заключаецца ў тым, што ў нас цяпер ідзе арбітражны працэс, у якім будзе ацэньвацца ўсё, што знаходзіцца ў публічнай прасторы. Мой інтарэс — казаць пра гэту сітуацыю суха, дакладна і юрыдычна абгрунтавана. Магу сказаць, што розныя ацэнкі наносяць шкоду Літве”.
22 ліпеня галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы па пытаннях навакольнага асяроддзя і інфраструктуры Рамунас Дылба заявіў, што казаць пра аднаўленне транзіту праз Літву беларускіх калійных угнаенняў “няма сэнсу”, бо ў дачыненні да такіх паставак дзейнічаюць санкцыі ЗША і Еўрасаюза.
Пры гэтым, паводле яго слоў, нават калі згаданыя санкцыі будуць знятыя, Літва мае прававыя інструменты ў рамках нацыянальнага заканадаўства для “абароны сваіх інтарэсаў”.
“Калі мы пабачым, што кампанія атрымлівае прыбытак ад транзіту угнаенняў і, магчыма, ускосна фінансуе ваенныя дзеянні [Расіі ва Украіне] або ўмацоўвае рэжым [Аляксандра Лукашэнкі], то гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы, і ў гэтым выпадку мы маглі б прымяняць нашы нацыянальныя прававыя інструменты пры прыняцці рашэнняў”, — сказаў Дылба.
Пра тое, што ВКТ прапанаваў ураду Літвы заключыць міравое пагадненне і аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз краіну, паведамлялася 18 ліпеня.
Адзначалася, што генеральны дырэктар BKT Руслан Малінін у лісце прэм’ер-міністру Гінтаўтасу Палуцкасу і ўраду прапанаваў адклікаць іск з суда ЕС, а ў абмен на гэты ўрад дазволіў бы аднавіць транзіт прадукцыі “Беларуськалія” праз Літву і тэрмінал BKT.
“Паводле пагаднення бакоў можа быць абвешчана абмежаваная, палітычна абгрунтаваная інтэрпрэтацыя, аналагічная механізму, выкарыстанаму для транзіту ў Калінінград, з асаблівым акцэнтам на забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі, скарачэнне залежнасці ад экспарту ўгнаенняў з Расіі, а таксама зніжэнне даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію”, — гаворыцца ў лісце.
Кампраміс “дазволіў бы краінам пазбегнуць далейшай прававой і палітычнай эскалацыі, ліквідаваць прававую нявызначанасць і аднавіць эканамічныя сувязі, не прымяншаючы пры гэтым уведзеных ЕС санкцый”, сказана ў ім.
На той момант ва ўрадзе Літвы заявілі балтыйскаму інфармагенцтву BNS, што нічога не ведаюць пра такую прапанову і запэўнілі, што на гэты момант не вядзецца ніякіх абмеркаванняў пра магчымае аднаўленне транзіту прадукцыі “Беларуськалія”.
Санкцыі ў дачыненні да “Беларуськалія” былі ўведзеныя ў 2021 годзе.
25 чэрвеня стала вядома, што Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі, прапанаваныя ў якасці свайго роду страхоўкі на выпадак непадаўжэння санкцый на ўзроўні Еўрасаюза.

- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Фінляндыі крокі па вызваленні палітвязняў, пагрозы незалежнасці Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская ў Хельсінкі выказала спачуванні ахвярам начной расійскай атакі на Кіеў і заклікала ўзмацніць ціск на беларускі рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 29–30 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства