Мінск 09:26

Пасля аварыі ў Іванаўскім раёне, у якой пацярпела сем пасажыраў, у дачыненні да кіроўцы распачатая крымінальная справа

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

30 ліпеня, Позірк. Пасля аварыі 27 ліпеня на трасе М10 у Іванаўскім раёне, у якой пацярпела сем пасажыраў маршрутнага таксі, упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці ўзбудзіла ў дачыненні да кіроўцы крымінальную справу.

Паводле інфармацыі, распаўсюджанай 30 ліпеня прэс-службай СК, дзеянні 47-гадовага кіроўцы мікрааўтобуса Mercedes-Benz Sprinter кваліфікаваныя паводле ч. 1 ст. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула з неасцярожнасці нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Следства высветліла, што мужчына, рухаючыся па маршруце Іванава — Гродна, не даў рады кіраванню і з’ехаў у кювет, пасля чаго пасажырскі транспарт перакуліўся.

“У выніку аварыі сем пасажыраў атрымалі траўмы, з іх траім нанесеныя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні. Цяпер ім аказваецца неабходная медыцынская дапамога”, — адзначае СК.

У дзень аварыі прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў прадставіла папярэднюю інфармацыю, згодна з якой кіроўца згубіў кіраванне, здзяйсняючы абгон.

Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што пацярпелых пасажыраў шпіталізавалі ў Іванаўскую цэнтральную раённую бальніцу.

“Ва ўсіх дыягнаставаныя спалучаныя траўмы рознай ступені: ЧМТ, пераломы, удары і ірваныя раны. На сёння ў ЦРБ знаходзіцца шэсць чалавек, сёмы накіраваны на амбулаторны этап лячэння”, — заяўляла тады ведамства.

На агляд пацярпелых выклікалі ўрачоў-траўматолагаў, рэнтгенолагаў, урачоў ультрагукавой дыягностыкі. Па выніках дыягностыкі пецярых накіравалі ў траўматалагічнае аддзяленне, аднаго — у рэанімацыйнае.

Падзяліцца: