Мінск 11:52

У Беларусь не ўпусцілі 22 т расійскіх кавуноў праз несапраўдны фітасанітарны сертыфікат

29 ліпеня, Позірк. На мінулым тыдні спецыялісты ўпраўлення Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях устанавілі, што 22 тоны кавуноў, вырашчаных у паўднёвых рэгіёнах краіны, перавозіліся ў Беларусь з несапраўдным фітасанітарным сертыфікатам.

Як паведамляецца на сайце ведамства, кантроль праводзіўся на пункце прыёму паведамленняў “Чырвоны Камень” (мяжа Бранскай вобласці РФ і Гомельскай вобласці).

Адзначаецца, што вываз згаданай прадукцыі з тэрыторыі Расіі быў у выніку забаронены, а груз вернуты адпраўніку.

12 чэрвеня Рассельгаснагляд затрымаў аўтамабіль, які ехаў з Беларусі з грузам “рыбы ласосевых парод невядомага паходжання”.

9 чэрвеня ведамства не прапусціла ў Беларусь 18 тон агуркоў, якія былі “ў суправаджэнні несапраўднага фітасанітарнага сертыфіката”.

31 траўня Рассельгаснагляд не прапусціў у РФ тры партыі беларускай малочнай прадукцыі агульнай вагой 3,9 тоны. Заяўлялася, што сметанковае масла і стэрылізаванае пітное малако везлі без “суправаджальных дакументаў, што пацвярджаюць бяспеку і паходжанне тавараў”.

20 траўня паведамлялася, што супрацоўнікі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях прадухілілі нелегальныя пастаўкі ў Расію мясных і малочных прадуктаў з Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, ад пачатку года ў Беларусь было вернута больш за 10 т рознай жывёлагадоўчай прадукцыі.

6 траўня паведамлялася пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці 1,8 т гатовай мясной прадукцыі — сардэлек з цяляцінай, якія з Беларусі ў РФ перавозілі з парушэннем ветэрынарна-санітарных правілаў.

21 красавіка ў гэтым жа рэгіёне спынілі фуру, што ехала з Беларусі, у якой знаходзілася больш за 20 т аўстралійскай сэрыялелы (разам з некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад збіральнай назвай “масляная рыба”), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавары, як сцвярджалася, знішчылі).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. расійскіх рублёў. Паводле дакументаў, у грузавіку павінны былі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспартавання рыбнай прадукцыі было зафіксавана гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: