Ціханоўскі: Крым — гэта Украіна, Вільнюc — гэта Літва, хто сцвярджае адваротнае — правакатар, здраднік і злачынец

28 ліпеня, Позірк. Украінцы і літоўцы “мусяць дакладна разумець”, што “беларусы — гэта не расіяне”, заявіў экс-палітвязень Сяргей Ціханоўскі, муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, 28 ліпеня на Кафедральнай плошчы ў Вільнюсе на 148-м мітынгу ў падтрымку ўкраінскага народа.
“Беларусы не хочуць ваяваць з Украінай, — падкрэсліў ён. — Пра гэта кажуць сацыялагічныя даследаванні, пра гэта мне асабіста казалі і турэмныя наглядчыкі, і супрацоўнікі КДБ, якія са мной сустракаліся. Ніхто не хоча ваяваць. Калі б дыктатар і аддаў такі загад, яны кажуць, [што] кінулі б зброю і пайшлі б дадому”.
Паводле слоў Ціханоўскага, ва ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў “адзін агульны вораг — рэжым [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна і рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі”. “Нашыя нядобразычліўцы спрабуюць нас усіх пасварыць: нібыта ўкраінцы мусяць разумець, што беларусы дапамагаюць вайне. Не, беларусы не дапамагаюць. Гэта ўсё робіць адзін чалавек у нас. Гэта робіць дыктатар Лукашэнка”, — заявіў ён.
Беларусы, падкрэсліў спікер, выступаюць за “тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах 1991 года”.
“І я асабіста заўсёды выступаў за гэта. Крым — гэта Украіна і заўсёды будзе толькі Украінай. Вільнюс — гэта Літва і заўсёды будзе Літвой, — сказаў Ціханоўскі. — А той, хто сцвярджае адваротнае, — гэта правакатар, здраднік і злачынец. Мы бясконца ўдзячныя літоўскаму народу за тое, што ён дапамагае беларусам, пакуль мы змагаемся з рэжымам Лукашэнкі”.
“Ніхто і ніколі не збіраўся ствараць ніякіх “астравоў” тут, нейкіх асобных правінцый у Літве, гэта трызненне і гэтага ніколі не будзе. Яны хочуць, каб мы паміж сабой сварыліся і ваявалі. Нам гэта не трэба. У нас адзін вораг, давайце разам ісці да гэтай перамогі над ворагам”, — падсумаваў ён.
У інтэрв’ю ютуб-каналу “Жыццё-маліна”, апублікаваным 6 ліпеня, Ціханоўскі сказаў: “Я хачу жыць у Беларусі. У турме я шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не захочуць верыць у мяне, няхай вераць у некага іншага, але галоўнае, каб яны змагаліся. І галоўнае, каб гэта прывяло да выніку”.
Экс-палітвязень, які цяпер разам з сям’ёй жыве ў Літве, дадаў: “Я пачну тут будаваць астравы такія, як у немцаў у Расіі была нямецкая аўтаномная акруга, ці яўрэйская. Краіна ж — гэта людзі”.
Рэагуючы на гэтыя словы, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 22 ліпеня заклікаў зразумець і паспрабаваць ацаніць цвяроза сітуацыю Ціханоўскага, які “шмат гадоў правёў у цёмнай турме”.
У той жа дзень на сайце Сейма з’явіўся адрасаваны кіраўніку МЗС Кястуцісу Будрысу зварот прадстаўніка нацыяналістычнай кансерватыўнай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне” дэпутата Вітаўтаса Сініцы з просьбай скасаваць акрэдытацыю, выдадзеную 5 ліпеня 2021 года “Прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі” (дэ-факта Офісу Святланы Ціханоўскай). Адна з прэтэнзій парламентарыя — тое, што дэмсілы нібыта карыстаюцца “літоўскай гасціннасцю і добрай воляй” не для “наладжвання добрасуседскіх стасункаў”, а для “стварэння ў Літве нейкай базы для беларусаў” і “альтэрнатыўнай Беларусі”.
Офіс Ціханоўскай адрэагаваў на дзеянні Сініцы заявай, у якой адзначыў, што беларуская дэмакратычная супольнасць удзячная Літве за падтрымку, а ліст дэпутата “ўтрымлівае недакладную і ілжывую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім стасункам паміж літоўскім і беларускім народамі”.
Сяргей Ціханоўскі выступіў з відэазваротам, у якім выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што яго “няправільна зразумелі”. “Ніхто і ніколі не будзе ствараць ніякіх аўтаномных акруг і астраўкоў у Літве. Беларусы бязмерна ўдзячныя Літве за гасціннасць, мы паважаем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы”, — падкрэсліў ён.
Экс-палітвязень патлумачыў, што, кажучы пра стварэнне “астравоў”, меў на ўвазе бізнес-хабы для аб’яднання беларусаў у Еўрасаюзе.
23 ліпеня Будрыс заявіў, што не бачыць падстаў разглядаць пытанне пра ануляванне акрэдытацыі “Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі”. “Нададзены прадстаўніцтву статус дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы”, — адзначыў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Праз некалькі дзён, 27 ліпеня, МЗС Літвы паведаміла, што адпаведнае хадайніцтва Сініцы не будзе разгледжанае. У заяве ведамства гаворыцца, што “акрэдытацыя місіі мае быць захаваная і дзейнічаць да тае пары, пакуль грамадзяне Беларусі і дэмакратычныя сілы, якія іх прадстаўляюць, не змогуць свабодна і дэмакратычным шляхам прымаць рашэнне пра будучыню сваёй дзяржавы”.
Ужо пасля тлумачэнняў Ціханоўскага, 25 ліпеня, Сініца звярнуўся ў пракуратуру з просьбай ацаніць, ці не парушыў экс-палітвязень сваімі словамі пра “астравы” Крымінальны кодэкс Літвы.


- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 26–28 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаНа грузінскага паліцэйскага ўзбуджаная крымінальная справа за абразу беларускага праваабаронцы Кісляка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗ пачатку ліпеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі больш за 5 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаАпошнія сем гадоў доля працуючай моладзі ў Беларусі змяншаецца, пажылых людзей — расцеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка