Мінск 09:57

У Польшчы канфіскавана 5 млн беларускіх цыгарэт, іх перавозілі праз у скрынках з цыбуляй і буракамі

25 ліпеня, Позірк. Супрацоўнікі Мазавецкай мытна-падатковай службы (ММПС) пры даглядзе трох грузавікоў, якія рухаліся ў Польшчу з Расіі праз Латвію і Літву, выявілі на дне кардонных скрынак з цыбуляй і буракамі беларускія цыгарэты без акцызных марак.

Як паведамляе Нацыянальнае падатковае ўпраўленне Польшчы, дагляд праводзіўся 14–16 ліпеня ў мытным аддзяленні ў горадзе Груец (Мазавецкае ваяводства, цэнтр — Варшава).

Адзначаецца, што кіроўцы — грамадзяне Беларусі і Літвы — дапытаныя ў якасці сведак. Яны заявілі, што не ведалі пра перавозку кантрабанды.

Канфіскавана 5 млн цыгарэт. Падкрэсліваецца, што калі б тавар трапіў на рынак, дзяржбюджэт Польшчы страціў бы амаль 7,5 млн злотых (каля 2 млн долараў па бягучым курсе).

Разбіральніцтва праводзіць ММПС пад наглядам Груецкой пракуратуры.

18 ліпеня Палата падатковага адміністравання Беластока паведаміла, што супрацоўнікі польскай мытна-падатковай службы пры праверцы на мяжы Польшчы і Літвы выявілі амаль 83 тыс. пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт у аўтафургоне польскай кур’ерскай кампаніі, за рулём якога быў 30-гадовы грамадзянін Украіны. Паводле ацэнкі ведамства, кошт кантрабанднага грузу — больш за 1,4 млн злотых (звыш 380 тыс. долараў па актуальным на той момант курсе Нацбанка Польшчы).

20 чэрвеня ў Нідзіцкім павеце (паўночна-ўсходняя частка Польшчы) паліцыя знайшла 190 тыс. беларускіх цыгарэт (9,5 тыс. пачкаў) у спыненым для праверкі легкавым аўтамабілі “Таёта”. Ацэнкавы кошт — больш за 166 тыс. злотых (44,6 тыс. долараў).

19 чэрвеня паведамлялася, што ў Сувалках, непадалёк ад мяжы Польшчы з Беларуссю і Літвой, спыненая кантрабанда 10 тон сушанага курыльнага тытуню без польскіх акцызных марак. Вытворца не называўся; кошт канфіскаванага тавару ацанілі прыкладна ў 9 млн злотых (больш за 2,4 млн долараў). За стырном транспартнага сродку, які перавозіў нелегальны тавар, быў грамадзянін Беларусі.

Падзяліцца: