Полк Каліноўскага прызнаны “тэрарыстычнай арганізацыяй” у анексаванай Расіяй частцы Украіны

23 ліпеня, Позірк. Беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), што ваюе на баку ўкраінскага народа, прызнаны “тэрарыстычнай арганізацыяй” у анексаванай Расіяй частцы Данецкай вобласці Украіны — так званай “данецкай народнай рэспубліцы”, вынікае з інфармацыі “пракуратуры днр” на сайце Генеральнай пракуратуры РФ.
Рашэнне прызнаць “ваенізаваную арганізацыю “Полк імя Кастуся Каліноўскага” з структурнымі падраздзяленнямі, якія ў яго ўваходзяць, і забараніць яго дзейнасць “на тэрыторыі краіны” 22 ліпеня прыняў “Варашылаўскі міжраённы суд Данецка” на падставе іску “пракуратуры днр”.
Сцвярджаецца, што ПКК створаны “прадстаўнікамі беларускіх радыкальных структур, а таксама асобамі, якія ў 2020–2021 гадах актыўна ўдзельнічалі ў масавых беспарадках у Рэспубліцы Беларусь”.
“З пачатку СВА (“спецыяльнай ваеннай аперацыяй” расійскія ўлады называюць развязаную імі поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа. — “Позірк”.) полк ваюе на баку Украіны, — гаворыцца ў паведамленні. — Адна з асноўных яго задач — вярбоўка грамадзян Рэспублікі Беларусь і этнічных беларусаў, якія пражываюць за мяжой, якія негатыўна ставяцца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі”.
“Удзельнікамі палка прапагандуюцца ідэі рэвалюцыі і распаўсюджваюцца заклікі да грамадзян уступаць у яго шэрагі для супрацьдзеяння “расійскай пагрозе”, а таксама гвалтоўнага звяржэння законнай улады. Размяшчаюцца публікацыі, якія апраўдваюць тэрарыстычную дзейнасць. У інтарэсах палка здзяйсняюцца злачынствы супраць міру і чалавецтва”, — сцвярджае “пракуратура днр”.
9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.
У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК “экстрэмісцкім фарміраваннем” (першапачаткова — у верасні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га). 25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.
На пачатку 2023 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў”.
Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны, прымае дэлегацыі кіраўніцтва сепаратысцкіх утварэнняў, вядзе гандаль з гэтымі суб’ектамі.

- Палітыка
- ЭканомікаМАРГ анансаваў пастанову Саўміна, якая будзе рэгуляваць адносіны пастаўшчыкоў і гандлёвых сетак пры рэалізацыі гародніны і садавіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУдзельная вага інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабароце за два гады вырасла ўдвая — МАРГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваПадлеткавая злачыннасць знізілася па выніках першага паўгоддзя, заяўляюць у Генпракуратуры і МУСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка