Мінск 20:21

Лукашэнка трэці раз за апошні год прапануе прэзідэнту Егіпта сустрэцца

Архіўнае фота: "Анадалу"

23 ліпеня, Позірк. З чарговай прапановай пра сустрэчу выступіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 23 ліпеня прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха ас-Сісі з Днём Рэвалюцыі.

“Мінск гатовы да паглыблення ўзаемадзеяння з егіпецкімі партнёрамі ў развіцці прамысловай кааперацыі, а таксама ў сферах харчовай бяспекі, навукі і тэхналогій, водаачысткі, медыцыны і фармацэўтыкі”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Зацікаўленыя ў практычнай рэалізацыі ўсіх праектаў у інтарэсах як унутранага рынку Егіпта, так і трэціх краін. Разлічваю, што падчас асабістай сустрэчы ў Беларусі мы абмяркуем двухбаковы і міжнародны парадак дня, а таксама дадзім ацэнку працы нашых урадаў па актывізацыі гандлёва-эканамічнай супрацы”.

Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск ганарыцца “выключным узроўнем стасункаў” з Каірам. На яго думку, сучасны Егіпет “працягвае садзейнічаць яднанню краін Глабальнага Поўдня, з’яўляецца важным медыятарам у Блізкаўсходнім рэгіёне і ўплывовым лідарам на Афрыканскім кантыненце”.

Роўна год таму, 23 ліпеня 2024-га, Лукашэнка запрасіў ас-Сісі ў Беларусь у надзеі працягнуць “плённы дыялог” і абмеркаваць “перспектыўныя напрамкі супрацы”.

Праз чатыры месяцы, 19 лістапада, беларускі палітык, віншуючы егіпецкага прэзідэнта з 70-годдзем, прапанаваў яму сустрэцца і выказаў зацікаўленасць у развіцці далейшай супрацы паміж Мінскам і Каірам.

27 кастрычніка на сустрэчы амбасадара Беларусі Сяргея Цярэнцьева і намесніка міністра замежных спраў Егіпта Ваіля Хамеда было заяўлена пра гатоўнасць бакоў узаемадзейнічаць у галіне палітыкі, гандлю, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Сёлета напрыканцы студзеня парламент Беларусі завяршыў ратыфікацыю пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю.

Дыпламатычныя стасункі паміж Мінскам і Каірам усталяваныя 1 лютага 1992 года. Амбасада Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года.

Паводле звестак беларускага МЗС, у 2021 годзе аб’ём узаемнага гандлю склаў 62,68 млн долараў (беларускі экспарт — 41,77 млн, імпарт — 20,91 млн). Актуальныя даныя знешнепалітычнае ведамства не прыводзіць.

Паводле даных ААН, у 2023 годзе экспарт Егіпта ў Беларусь склаў 21,5 млн долараў, імпарт з Беларусі — 79,6 млн.

Падзяліцца: