Мінск 21:25

БПЛА, якія вырабляюцца рэзідэнтамі “Вялікага каменя”, выкарыстоўваюцца для маніторынгу ўраджаю — НАН

22 ліпеня, Позірк. На базе індустрыяльнага парку “Вялікі камень” вырабляецца “актуальная на дадзены момант тэхніка грамадзянскага прызначэння, уключаючы беспілотныя лятальныя комплексы і апараты, авіяцыйныя рухавікі, сістэмы сувязі і многае іншае”, заявіла на прэс-канферэнцыі 22 ліпеня кіраўніца Цэнтра інавацыйнай і інвестыцыйнай палітыкі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Праснякова.

Паводле яе слоў, такія комплексы вырабляе зарэгістраванае ў 2018 годзе ў якасці 33-га рэзідэнта “Вялікага каменя” беларуска-кітайскае ЗАТ “Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы”.

Беспілотныя апараты, якія вырабляюцца на гэтым прадпрыемстве, выкарыстоўваюцца, у прыватнасці, для маніторынгу ўраджаю, лясной паверхні (у мэтах прадухілення распаўсюджвання лясных пажараў), “пэўнага зандзіравання зямлі” і ў іншых “ выключна мірных мэтах”, падкрэсліла прадстаўніца НАН.

Праснякова таксама паведаміла, што ў 2023 годзе падпісаная сумесная дэкларацыя паміж НАН Беларусі і Кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыяй аб супрацоўніцтве па праекце міжнароднай навуковай месяцовай станцыі. Распрацавана, паводле яе слоў, дарожная карта па яго рэалізацыі, якая накіраваная на разгляд кітайскага боку.

На сёння праект пакуль знаходзіцца “на стадыі зараджэння”, сказала Праснякова.

У індустрыяльным парку “Вялікі камень” зарэгістраваныя 152 рэзідэнты, 30 з іх было прынята ў склад у 2024 годзе, 11 — з пачатку 2025 года. Пра гэта заявіў 4 чэрвеня ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” кіраўнік адміністрацыі парку Аляксандр Ярашэнка.

Плануецца, што да 2030 года гэтая лічба вырасце да 270.

“55 з 152 рэзідэнтаў парку “Вялікі камень” сёння выпускае прадукцыю і аказвае паслугі, пры тым, што 21 прадпрыемства пакуль будуецца, больш за 50 праектуецца, гэта значыць ідзе актыўнае развіццё праекта і будаўніцтва”, — адзначыў Ярашэнка.

Індустрыяльны парк “Вялікі камень” — тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай 112,5 кв. км са статусам асаблівай эканамічнай зоны. Парк размешчаны ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) за 25 км ад сталіцы. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісанае ў 2011 годзе, у 2014-м пачалося будаўніцтва і быў зарэгістраваны першы рэзідэнт.

Падзяліцца: