Кубракоў запатрабаваў прыняць “вычарпальныя меры” па недапушчэнні злачынстваў з удзелам замежнікаў

22 ліпеня, Позірк. Прыняць “вычарпальныя меры па недапушчэнні правапарушэнняў і злачынстваў з удзелам замежнікаў” запатрабаваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на калегіі УУС Мінаблвыканкама 21 ліпеня.
Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба МУС, чыноўнік таксама “раскрытыкаваў працу з асобамі, незанятымі ў эканоміцы”.
Акрамя гэтага, Кубракоў заявіў аб неабходнасці “процідзейнічаць нарказлачынствам, сістэмнай дзелавой карупцыі і хабарніцтву”.
“Асаблівую ўвагу”, паводле яго сцвярджэння, у Мінскай вобласці варта надаць “працы з асабістым складам, камплектаванню і шанаванню [супрацоўнікамі міліцыі] выканальніцкай дысцыпліны”.
“Асаблівы акцэнт” у рабоце супрацоўнікі ведамства павінны зрабіць на аграпрамысловай сферы, сказаў міністр.
З улікам дэфіцыту працоўных рэсурсаў“ у Беларусь пачалі прыязджаць людзі з іншых рэгіёнаў свету, што выклікала пэўную рэакцыю ў грамадстве”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расеі Аляксеем Беспрозваных.
“Я кажу: добра, мы нікога сюды (клікаць не будзем. — “Позірк”.), у нас жорстка гэта кантралюецца, але тады прадукцыйнасць працы трэба як у Еўрасаюзе — у тры-пяць разоў вышэйшая, цытуе спікера яго прэс-служба. — Таму што калі мы не будзем канкурэнтнымі з Еўрапейскім саюзам, нам няма чаго там рабіць [у плане гандлю таварамі], асабліва Калінінграду і Беларусі. Таму што ў нас тая эканоміка, якая ўласцівая ўсяму Еўрапейскаму саюзу. І з імі трэба канкураваць. А, значыць, гэта найперш працоўны чалавек”.
Паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці на 22 ліпеня, 218.380 вакансій адкрыта на рынку працы Беларусі. Напрыканцы красавіка “Позірк” паведамляў, што колькасць свабодных працоўных месцаў (вакансій), заяўленых арганізацыямі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, за апошнія 30 гадоў вырасла ў 8,8 раза (з 18.315 да 161.281).
У 2025 годзе і бліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыі няхваткі персаналу на рынку працы ў цэлым будуць захоўвацца, заяўляла 19 лютага дырэктар сэрвісу па пошуку працы і персаналу “HeadHunter Беларусь” Святлана Шапарава.
Супраца ў працоўнай сферы сярод іншага абмяркоўвалася 7 чэрвеня на сустрэчы беларускага амбасадара Уладзіміра Баравікова і прадстаўнікоў генеральнага консульства ў Хашыміне з першым намеснікам старшыні Народнага камітэта в’етнамскай правінцыі Кханьхоа Ле Хыу Хаангам. Намеснік кіраўніка правінцыі прапанаваў беларускім гасцям “сумесна абмяркоўваць і абменьвацца інфармацыяй пра патрэбы Беларусі ў працоўнай сіле і ўмовах найму, каб рабочыя з Кханьхоа маглі працаваць у Беларусі”.
11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам заявіў, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. адмыслоўцаў з гэтай краіны.
Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.
4 траўня міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што адбываецца планамерны рост вакансій, які “абумоўлены і змяненнем заканадаўства”: закон пра занятасць прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе “ацаніць рынак працы”, сказала Паўлючэнка.
21 траўня Лукашэнка падпісаў указ “Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі”, які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў. На наступны дзень палітык прыгразіў мігрантам імгненнай дэпартацыяй за парушэнне працоўных дагавораў.
Летась у траўні намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч выказала меркаванне, што з улікам дэфіцыту кадраў на першым месцы паводле актуальнасці павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне грамадзян, якія мігравалі”.
У траўні 2025 года незалежныя СМІ паведамлялі, што жыхары Гомельскай вобласці, уключаныя ў спісы “незанятых у эканоміцы“, атрымліваюць лісты з МУС з патрабаваннем з’явіцца ў тэрытарыяльныя аддзелы ўнутраных спраў для “вырашэння пытання працаўладкавання“. У выпадку няяўкі грамадзян папярэджвалі аб адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама ў позвах гаварылася, што такую працу міліцыя праводзіць у мэтах “забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян аб удзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў“.
Аналагічную працу, паводле даных СМІ, супрацоўнікі МУС праводзяць і ў іншых рэгіёнах, у тым ліку наведваючы не занятых у эканоміцы па месцы жыхарства.
Як адзначала юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна“ Вікторыя Рудзянкова, прымус да працы і маніпуляцыі “абавязкам фінансаваць дзяржаву“ — гэта “чарговы жэст рэжыму, які дэманструе грэбаванне правамі чалавека“.
“Фактычна дзяржава прымушае людзей працаваць пад страхам рэпрэсій, што супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным стандартам. Артыкул 2 Канвенцыі № 29 “Аб прымусовай або абавязковай працы“ Міжнароднай арганізацыі працы вызначае прымусовую працу як любую працу, якая ажыццяўляецца пад пагрозай пакарання і без добраахвотнай прапановы сваіх паслуг”, — падкрэсліла Рудзянкова.
Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца па росце цэн у чэрвені і трэцяе — за першую палову 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка