Мінск 22:12

Спікер парламента Лаоса мае намер прыбыць Мінск у найбліжэйшы час — МЗС Беларусі

Спікер лаоскага аднапалатнага парламента Сайсампон Пхамвіхан
Архіўнае фота: прэс-служба Нацыянальнага сходу Лаоса

19 ліпеня, Позірк. Прыбыць у Мінск у найбліжэйшы час выказаў намер кіраўнік Нацыянальнага сходу Лаоса Сайсампон Пхамвіхан 18 ліпеня ў В’енцьяне на сустрэчы з міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым, які, паводле інфармацыі МЗС Беларусі, перадаў парламентарыю адпаведнае запрашэнне ад старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенкі.

Раней беларускае знешнепалітычнае ведамства анансавала прыезд у Беларусь прэзідэнта Лаоса Тханглуна Сісуліта.

Рыжанкоў і Пхамвіхан адзначылі “традыцыйна сяброўскі характар палітычных стасункаў” паміж Беларуссю і Лаосам, заявіўшы, што гэтую сувязь трэба канвертаваць у “канкрэтныя эканамічныя праекты”.

Суразмоўцы, як адзначаецца, выказалі “ўзаемную задаволенасць” тым, што было падпісанае міжурадавае пагадненне аб скасаванні віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Гэты крок, на іх думку, стварае “спрыяльныя ўмовы для актывізацыі міжасобасных і дзелавых кантактаў”.

Пхамвіхан сярод іншага заявіў пра “значны нерэалізаваны патэнцыял у двухбаковых стасунках, асабліва ў сферах эканомікі, адукацыі і харчовага забеспячэння”.

Лаос, калі верыць МЗС Беларусі, праяўляе “асаблівую цікавасць да беларускага досведу развіцця малочнай прамысловасці”, паколькі сярод насельніцтва папулярызуюць “спажыванне малочных прадуктаў”.

“Бакі пацвердзілі гатоўнасць пашыраць супрацу ў рамках міжнародных арганізацый, уключаючы парламенцкае вымярэнне АСЕАН і Міжпарламенцкі саюз. Таксама абмяркоўваліся магчымасці ўзаемадзеяння паміж выбарчымі камісіямі дзвюх краін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рыжанкоў у той жа дзень узяў удзел у адкрыцці Беларуска-Лаоскага бізнес-форуму, на які сабралася “больш за 50 прадстаўнікоў дзелавых колаў і дзяржаўных структур дзвюх краін”.

Беларускі чыноўнік на адкрыцці форуму сярод іншага заявіў, што Мінск зацікаўлены ў пастаўках з Лаоса “тэкстыльнай прадукцыі, трыкатажу, трапічнай гародніны і садавіны, а таксама арэхаў”. Ён запрасіў прадстаўнікоў лаоскага бізнесу наведаць Беларусь, каб абмеркаваць “актывізацыю ролі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін”.

“У ходзе форуму і па яго выніках прадстаўнікі беларускіх і лаоскіх кампаній правялі перагаворы аб супрацы ў сферах сельскай гаспадаркі і харчавання, фармацэўтыкі, паставак беларускай тэхнікі, у тым ліку з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў беларускіх банкаў”, — адзначыў МЗС.

Беларусь і Лаос усталявалі дыпламатычныя стасункі 7 лютага 1994 года.

Падзяліцца: