Мінск 23:07

Тэхагляд прайшло ўсяго 35% зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў — “Белтэхагляд”

Крыніца: МУС

13 ліпеня, Позірк. У Беларусі зарэгістравана больш за 4,3 млн транспартных сродкаў розных катэгорый — легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, прычэпаў, паўпрычэпаў, матацыклаў і інш., паведамляе прадпрыемства “Белтэхагляд” са спасылкай на звесткі з “адкрытых крыніц”.

“Пры гэтым паводле даных аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Белтэхагляд” за 2024 год зацікаўленым асобам (фізічныя, юрыдычныя) ва ўстаноўленым парадку выдадзена 1.510.315 дазволаў на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху — або 34,5% ад агульнай колькасці зарэгістраванага парку рухомага складу рэспублікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Вышэйпаказаныя звесткі сведчаць аб негатыўных тэндэнцыях у ігнараванні аўтаўладальнікамі абавязку па праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду ў выглядзе рэгулярнага кантролю бягучага тэхнічнага стану эксплуатуемых імі транспартных сродкаў і, як следства, забеспячэнні бяспекі дарожнага руху ўсіх яго ўдзельнікаў”, — адзначае “Белтэхагляд”.

Паведамляецца, што ў 2024 годзе выяўленая 369.961 “неадпаведнасць устаноўленым патрабаванням, якая тычыцца тэхнічнага стану транспартнага сродку”. “Асноўная ўдзельная вага неадпаведнасцяў, якія выяўляюцца пры правядзенні кантрольна-дыягнастычных работ, прыпадае на тармазныя сістэмы (41,3%), знешнія светлавыя прыборы (23,6%) і рухавік (6,8%)”, — удакладняе прадпрыемства.

“Вымушана можна канстатаваць, што асобныя аўтаўладальнікі ў парушэнне дзеючага заканадаўства эксплуатуюць на дарогах агульнага карыстання неадпаведныя ўстаноўленым патрабаванням транспартныя сродкі як у перыяд ліквідацыі няспраўнасцяў, так і могуць прыняць рашэнне аб іх выкарыстанні без ліквідацыі неадпаведнасцяў і атрымання дазволу на допуск”, — падкрэслівае “Белтэхагляд”.

У чэрвені 2025 года “Белтэхагляд” выдаў 149.495 дазволаў на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху — на 14,5% больш, чым за той жа месяц 2024-га (130.580).

Фізічным асобам за мінулы месяц выдадзена 126.295 дазволаў (108.727; +16,2%).

На электрамабілі сёлета ў чэрвені аформлена 1.635 дазволаў (586; рост у 2,8 раза).

Як паведамляў “Позірк”, у 2024 годзе выдадзена 1.510.315 дазволаў — на 1,1% менш, чым за 2023-ы (1.527.550).

Кантроль наяўнасці дазволу на допуск ажыццяўляецца ў тым ліку ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу.

Згодна ч. 4 ст. 18.11 КаАП, для ўласнікаў — фізічных асоб штраф за кіраванне транспартам без тэхагляду можа дасягаць 3 базавых велічынь (126 рублёў), юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — 10 б.в. (420 рублёў).

У 2024 годзе колькасць легкавых аўтамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла на 2,1% (з 3.023.002 да 3.085.116), а легкавых электрамабіляў — у 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Белстата.

У Брэсцкай вобласці колькасць легкавых аўтамабіляў у 2024 годзе вырасла на 2,8% (з 462.025 да 474.920), электрамабіляў — у 3,6 раза (з 503 да 1.791); Віцебскай — на 2% (з 337.625 да 344.410) і ў 3,5 раза (з 303 да 1.062) адпаведна; Гомельскай — на 2,3% (з 393.058 да 402.223) і ў 3,4 разы (з 408 да 1.404); Гродзенскай — на 1,8% (з 385.742 да 392.780) і ў 2,8 раза (з 488 да 1.373); Мінскай — на 2,6% (з 509.185 да 522.407) і ў 3,1 раза (з 1.488 да 4.558); Магілёўскай — на 2,3% (з 315.504 да 322.776) і ў 3,7 раза (з 260 да 973); Мінску — на 0,9% (з 619.863 да 625.600) і ў 3,2 раза (з 2.963 да 9.584).

Падзяліцца: