Мінск 10:14

Арыштаванаму за дзяржздраду нардэпу Украіны прад’яўлена падазрэнне за махлярства, звязанае з беларускім каліем

11 ліпеня, Позірк. Раней затрыманаму за дзяржаўную здраду народнаму дэпутату Украіны прад’яўлена новае абвінавачанне — махлярства ў асабліва буйным памеры, звязанае з пастаўкамі беларускіх калійных угнаенняў, паведамляе прэс-служба Службы бяспекі гэтай дзяржавы.

“Праваахоўнікі задакументавалі, як нардэп выманьваў грошы ў адной з украінскіх кампаній, якая набывала мінеральныя ўгнаенні ў Беларусі, — адзначае СБУ. — Прыкрываючыся сувязямі з суседняй дзяржавай, фігурант ствараў штучныя перашкоды пры дастаўцы тавараў з Беларусі ва Украіну, а за іх вырашэнне патрабаваў хабар у 14,5 млн грыўняў (прыкладна 290 тыс. долараў паводле сённяшняга афіцыйнага курсу. — “Позірк”.). Задакументавана, што адпаведная сума паступіла на рахункі камерцыйнай структуры, якая належыць сыну нардэпа”.

Следства не выключае, што нардэп мог атрымліваць рэгулярныя “адкаты”, прапаноўваючы іншым украінскім прадпрыемствам беларускія квоты на пастаўку ўгнаенняў.

Фігуранту прад’яўлена падазрэнне паводле ч. 4 арт. 190 КК (махлярства, здзейсненае ў буйных памерах).

Украінская спецслужба не называе імя фігуранта. Аднак, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Яўгена Шаўчэнку.

Раней паведамлялася, што яго падазраюць паводле ч. 1 арт. 111 КК Украіны (дзяржаўная здрада), санкцыі якой прадугледжваюць пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Шаўчэнка знаходзіцца ў СІЗА з лістапада 2024 года. Паведамлялася, што комплексная псіхолага-лінгвістычная і ваенная экспертызы пацвердзілі, што дэпутат “пачаў наносіць урон абароназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі”. Сярод іншага, у 2021 годзе ён публікаваў недакладную інфармацыю пра адсутнасць пагрозы ваеннага ўварвання Расіі з тэрыторыі Беларусі.

Акрамя гэтага, следствам устаноўлены ягоныя “кантакты з прадстаўнікамі пасольства Беларусі пасля таго, як ён у верасні 2020 года са сцягам гэтай краіны зайшоў на трыбуну парламента”.

“Ён неаднаразова ездзіў у Беларусь, дзе сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і нават з самапрызначаным прэзідэнтам краіны. Спасылаючыся менавіта на гэтую сустрэчу, дэпутат распаўсюджваў ідэю адсутнасці пагрозы нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і таму падобнае”, — гаварылася раней у паведамленні Дзяржаўнага бюро расследаванняў.

Паводле даных следства, “праз пратэкцыю” Лукашэнкі дэпутат і яго блізкія сваякі “вялі актыўны бізнес з прадстаўнікамі Беларусі”, у тым ліку на рынку электраэнергіі і мінеральных угнаенняў. “Купляючы ў Беларусі тавары па заніжаных цэнах, яны завозілі іх ва Украіну праз іншую еўрапейскую краіну і прадавалі значна даражэй”, — падкрэслівала бюро расследаванняў.

“Рэжым садзейнічання з боку беларускіх уладаў дазволіў парламентарыю за паўгода атрымаць 1,5 млн еўра чыстага прыбытку. У той жа час ва Украіну ён змог перавесці толькі 500 тыс. еўра. Астатнія не ўдалося атрымаць у сувязі з блакіроўкай сумнеўных транзакцый з боку фінансавага маніторынгу аднаго з еўрапейскіх банкаў”, — заяўляла ДБР.

Акрамя гэтага, звярталася ўвага, што дэпутат “запісваў праграмы на ўласных каналах, даваў інтэрв’ю прарасійска настроеным блогерам і экспертам”, пасля чаго “гэты кантэнт распаўсюджваўся праз прапагандысцкія СМІ на тэрыторыі Расіі з мэтай стварэння на тэрыторыі краіны-агрэсара грамадскай пазіцыі, што гэта афіцыйная пазіцыя прадстаўніка ўкраінскай улады”.

Шаўчэнка публічна падтрымліваў Лукашэнку і заклікаў прызнаць яго законна абраным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года, калі дэмакратычныя краіны вынікі выбараў прызнаваць адмовіліся. 20 красавіка 2021 года падчас візіту ў Мінск сустракаўся з ім.

16 траўня 2024 года начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Шаўчэнка выкарыстоўваўся Украінай для наладжвання камунікацыі з Лукашэнкам, і ён у гэтым “працэсе эфектыўны”.

Падзяліцца: