Мінск 10:24

Ціханоўская ў другую гадавіну смерці Алеся Пушкіна: Мы страцілі беларуса, які бачыў краіну свабоднай і годнай

Алесь Пушкин в своей мастерской. 17 июня 2020 годаФото: svaboda.org
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

11 ліпеня, Позірк. Два гады таму “краіна страціла беларуса, грамадзяніна, мастака, які бачыў Беларусь такой, якой яна павінна быць — свабоднай і годнай”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды чарговай гадавіны смерці палітзняволенага Алеся Пушкіна.

Мастака “закатавалі ў засценках турмы”, гэта “назаўсёды застанецца чорнай плямай на старонках” гісторыі Беларусі, канстатавала палітык ў сваім тэлеграм-канале.

“Мы памятаем, Алесь. Твая справа жыве ў творах, малюнках і перформансах, — адзначыла Ціханоўская. — А мы працягваем змагацца за вызваленне ўсіх палітвязняў, за вяртанне беларусаў дадому, за Беларусь без рэпрэсіяў і страху — за краіну, пра якую ты марыў, і за якую цябе забілі”.

На пачатку гэтага года прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Балгарыі выступілі з ініцыятывай назваць у гонар Алеся Пушкіна алею ў парку Геа Мілёва ў Сафіі, побач з якім месціцца амбасада Беларусі. Прапанова была выкладзеная ў петыцыі на адрас кіраўніка сталічнага раёна Слаціна.

6 жніўня — у дзень, калі творцу споўнілася б 60 гадоў, у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі плануецца адкрыць выставу “Застацца”, натхнёную творчасцю Алеся Пушкіна.

Мастак Алесь Пушкін трапіў у няволю па палітычна матываванай справе, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 11 ліпеня 2023 года ён памёр у бальніцы, куды яго занадта позна прывезлі з гродзенскай турмы № 1. У мужчыны была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, паліорганная недастатковасць. Пушкіну было 57 гадоў.

Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынку тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”.

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым.

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар.

У лістападзе 2022 года яму пастрожылі рэжым і перавялі з івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” ў гродзенскую турму № 1.

Падзяліцца: