Мінск 10:05

Кіраўнік Мінабароны Літвы: Дрон, які заляцеў з Беларусі, не ўяўляў пагрозы для жыхароў

10 ліпеня, Позірк. Лятальны апарат, які заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі, не ўяўляў пагрозы жыхарам, заявіла міністр абароны гэтай краіны Давіле Шакалене, піша Delfi.

“Мы не бачым прыкмет таго, каб гэты апарат быў свядома і наўмысна накіраваны на нашу тэрыторыю. Але мы працягваем высвятленне абставін, каб высветліць, што гэта за аб’ект, хто яго вырабіў і якой будзе канчатковая ацэнка абставін яго пранікнення ў нашу паветраную прастору”, — сказала яна.

Аб’ект не быў баявым і не нёс узрыўчаткі, быў заўважаны літоўскім бокам яшчэ за межамі тэрыторыі краіны і ў Літвы “была магчымасць рэагаваць” рознымі спосабамі, у залежнасці ад таго, як была б ацэнена пагроза, адзначыла кіраўнік ведамства.

Міністр мяркуе, што інцыдэнт быў выпадковасцю, аднак не выключае, што па меры набліжэння вучэнняў расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025” у верасні колькасць правакацый на мяжы можа павялічыцца.

10 ліпеня БПЛА, які ўляцеў на тэрыторыю Літвы, упаў каля 11:30 прыкладна за кіламетр ад мяжы з Беларуссю.

Першапачаткова меркавалася, што паветраную прастору перасек беспілотнік “Шахед”, які Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, аднак пазней літоўскія пагранічнікі ўстанавілі, што з Беларусі заляцеў “дрон, падобны на самаробны самалёт”.

Пазней Delfi са спасылкай на свае даныя паведаміла, што БПЛА, які ўляцеў, з’яўляецца імітацыяй ударнага беспілотніка “Герань-2” або “Гербера”. Дрон можа выконваць розныя задачы, уключаючы разведку, назіранне, нанясенне ўдараў і адцягненне сродкаў супрацьпаветранай абароны, гаворыцца ў публікацыі.

Рэгіянальнае медыя “Флагшток” са спасылкай на мясцовых жыхароў паведаміла, што больш за 20 расійскіх беспілотных лятальных апаратаў заляцела ў Гомельскую вобласць з Украіны з вечара 9 ліпеня. Пяць БПЛА “вярнулася ва Украіну”, “астатнія, верагодна, упалі або былі збітыя на тэрыторыі Беларусі”.

Падзяліцца: