Бангладэш адмовіўся выдаваць Мінску прыгаворанага да пажыццёвага зняволення беларуса

9 чэрвеня, Позірк. Дака не выдасць Мінску беларуса, прыгаворанага ў Бангладэш да пажыццёвага зняволення па справе аб забойстве. Пра адмову дарадца па ўнутраных справах бангладэшскага часовага ўрада Джахангір Алам Чаўдхуры заявіў 9 ліпеня на сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Індыі (у Бангладэш па сумяшчальніцтве) Міхаілам Касько, паведамляе агенцтва BSS News.
Прадстаўнік урада Бангладэш патлумачыў рашэнне тым, што справа знаходзіцца на разглядзе ў Высокім судзе (адна з палат Вярхоўнага суда), а таксама тым, што паміж Дакай і Мінскам няма пагаднення пра выдачу асуджаных.
Чаўдхуры адзначыў, што ў Беларусі добрыя стасункі з Бангладэш. “Але злачынец застаецца злачынцам незалежна ад краіны”, сказаў ён, разам з тым дадаўшы, што Дака “акажа максімальнае садзейнічанне ў гэтым пытанні”.
Прадстаўнік урада Бангладэш таксама заклікаў Беларусь адкрыць паўнавартасную амбасаду ў Дацы. Паводле яго слоў, бангладэшцы “пакутуюць праз затрымкі, падвышаныя выдаткі і прыгнёт у візавай і консульскай дзейнасці”, паколькі асноўная амбасада знаходзіцца ў Нью-Дэлі, а ў Бангладэш дзейнічае толькі ганаровае консульства.
Дарадца па ўнутраных справах таксама сказаў, што “паміж дзвюма краінамі існуе супраца ў розных сектарах, уключаючы гандаль, сельскую гаспадарку, адукацыю, абарону, тэхналогіі, якая пашыраецца з кожным днём”. Асобна ён адзначыў, што Бангладэш — адзін з найбуйнейшых імпарцёраў беларускіх угнаенняў.
Паводле інфармацыі BSS News, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца правапарадку і бяспекі, прадухілення нелегальнай міграцыі і гандлю людзьмі.
На сайце амбасады Беларусі ў Індыі інфармацыі пра гэты візіт амбасадара ў Бангладэш пакуль няма.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 сакавіка прэзідэнта Бангладэш Махамеда Шахабуддзіна і яго суайчыннікаў з Днём незалежнасці, выказаў упэўненасць, што краіна паспяхова пераадолее ўсе цяжкасці і працягне устойлівае развіццё. Беларускі палітык перакананы, што пры падтрымцы Шахабуддзіна і “з улікам нерэалізаванага патэнцыялу ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, навука і тэхналогіі, узаемадзеянне набудзе комплексны, сістэмны і шматпланавы характар”.
Шахабуддзін быў абраны парламентам краіны на безальтэрнатыўнай аснове ў лютым 2023 года, заступіў на пасаду ў красавіку таго ж года.
7 жніўня 2024-га з’явілася інфармацыя, што прэм’ер-міністр Бангладэш Шэйх Хасіна, якая падала ў адстаўку і пакінула краіну двума днямі раней на хвалі пратэстаў, разглядае Беларусь як адну з краін, да якой можа звярнуцца па атрыманне палітычнага прытулку. Цяпер палітык знаходзіцца ў Індыі, а ў Бангладэш дзейнічае часовы ўрад.
17 кастрычніка стала вядома, што Міжнародны трыбунал па крымінальных злачынствах Бангладэш выдаў ордар на арышт Шэйхі Хасіны і 45 іншых асоб, у тым ліку найвышэйшых кіраўнікоў Народнай партыі, абвінавачаных у злачынствах супраць чалавечнасці падчас антыўрадавых выступаў у ліпені — жніўні.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Бангладэш усталяваныя ў 1992 годзе.
Паводле даных МЗС Беларусі, у 2021 годзе тавараабарот з Бангладэш вырас да 177 млн долараў (+56,2%) у параўнанні з 2020-м: экспарт павялічыўся да 149,8 млн (+71,8%), імпарт — да 27,2 млн (+4,1%). Дадатнае сальда склала 122,6 млн долараў. Актуальнай інфармацыі няма.
Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту былі калійныя ўгнаенні, сухое малако, ізаляваныя правады і кабеля, цэлюлоза, газетная папера ды інш. З Бангладэш у Беларусь пастаўлялася гародніна, садавіна і тэкстыльная прадукцыя.
Касько ўручыў даверчыя граматы Махамеду Шабудзіну ў якасці амбасадара па сумяшчальніцтве 17 кастрычніка 2024 года.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з дыпламатамі вызваленне палітвязняў, паведаміла пра планы дэмсіл (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь другі месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка