Мінск 03:36

Абвяшчэнне АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй” — акт пераследу і спроба дыскрэдытацыі, заяўляе Кабінет

Крыніца: тэлеграм-канал АПК

9 ліпеня, Позірк. Абвяшчэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) “тэрарыстычнай арганізацыяй” ёсць “чарговым актам палітычнага пераследу і прапаганды, скіраваным на дыскрэдытацыю дэмакратычных сіл, якія адстойваюць правы беларускага народа на свабоду і дэмакратыю”, гаворыцца ў заяве, якой АПК адрэагаваў на адпаведнае рашэнне Вярхоўнага суда.

Палітычная структура лічыць, што гэтае рашэнне “не мае прававых падстаў, супярэчыць міжнародным нормам”. “Сусветная практыка сведчыць, што галоўнай рысай “тэрарыстычнай дзейнасці” з’яўляюцца акты, скіраваныя на запалохванне насельніцтва дзеля дасягнення сваіх палітычных, рэлігійных і іншых мэт”, — тлумачыць сваю пазіцыю АПК.

“Таму вельмі дзіўна выглядае прызнанне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй з боку рэжыму, які на працягу 5 гадоў тэрарызуе сваіх грамадзян як у Беларусі, так і па-за яе межамі, здзейсніў акт паветранага пірацтва, абвінавачваецца ў трансгранічных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, стаў саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны”, — адзначана ў заяве.

Абвяшчэннем АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Лукашэнкі, як мяркуе палітычная структура, намагаецца запалохаць “усіх грамадзян, якія падтрымліваюць змаганне за свабоду”. Разам з тым гэта “паказчык страху нелегітымнага рэжыму перад альтэрнатыўнымі інстытутамі беларускай супольнасці”, “працяг лініі эскалацыі грамадска-палітычнага канфлікту і паглыбленне ўзроўню грамадскага супрацьстаяння”, лічыць Кабінет.

АПК запэўніў, што працягне дзейнасць “па ахове суверэнітэту і незалежнасці Беларусі” ды “абароне нацыянальных інтарэсаў”. “Ніякія шантаж і пагрозы з боку нелегітымнага рэжыму не паўплываюць ні на нашу рашучасць, ані на салідарнасць нашых партнёраў, якія падтрымліваюць барацьбу за незалежную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь”, — гаворыцца ў заяве.

9 ліпеня Вярхоўны суд прызнаў “тэрарыстычнай арганізацыяй” АПК, які ўзначальвае беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, разам з “структурнымі падраздзяленнямі, што уваходзяць у яго склад”.

Пра тое, што генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у ВС заяву аб прызнанні АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй”, стала вядома 30 красавіка. Ініцыятарам выступіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Ціханоўская абвясціла пра стварэнне АПК і прызначыла яго першых прадстаўнікоў на канферэнцыі “Новая Беларусь” 9 жніўня 2022 года ў Вільнюсе.

Задачамі АПК яна назвала “абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, прадстаўленне нацыянальных інтарэсаў, ажыццяўленне фактычнай дэакупацыі краіны”.

Падзяліцца: