Мінск 02:22

Амбразевіч уручыў копіі даверчых грамат генсакратару па замежных справах Мальтыйскага Ордэна

8 ліпеня, Позірк. Амбасадар Беларусі пры Мальтыйскім Ордэне Юрый Амбразевіч уручыў копіі даверчых грамат генеральнаму сакратару па замежных справах Мальтыйскага Ордэна Джампаола Канціні, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што суразмоўцы абмеркавалі “ключавыя аспекты двухбаковага супрацоўніцтва і пытанні міжнароднага парадку дня”, а таксама “вызначылі напрамкі далейшага развіцця стасункаў паміж Беларуссю і Мальтыйскім Ордэнам”.

Амбразевіч быў прызначаны амбасадарам пры Святым Пасадзе 27 сакавіка 2025 года. 22 траўня ён дадаткова атрымаў пасады амбасадара пры Суверэнным ваенным ордэне Гаспітальераў святога Яна Іерусалімскага, Радоса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры Арганізацыі ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы і іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры ЮНЕСКА. Раней Амбразевіч быў намеснікам міністра замежных спраў.

Пра тое, што Беларусі блізкія прынцыпы міласэрнасці, гуманізму і салідарнасці, якімі “на працягу стагоддзяў кіруецца” Мальтыйскі Ордэн, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 чэрвеня князя і вялікага магістра гэтага дзяржаўнападобнага ўтварэння Джона Данлэпа з Днём св. Яна Хрысціцеля.

Мальтыйскі Ордэн (поўная назва — Суверэнны ваенны Мальтыйскі ордэн Гаспітальераў св. Яна Іерусалімскага, Радоса і Мальты) — найстарэйшы рыцарскі ордэн Рымска-каталіцкага касцёла, які мае прыкметы, уласцівыя суверэнным дзяржавам.

Ордэн з’яўляецца суб’ектам міжнароднага публічнага права (мае статус назіральніка пры ААН і Савеце Еўропы, паўнавартасныя дыпламатычныя адносіны з 113 дзяржавамі). У яго ёсць уласныя органы ўлады (вялікі магістр, урад), дзейнічае свая канстытуцыя, выдаюцца дыпламатычныя пашпарты.

У той жа час у Мальтыйскага Ордэна няма тэрыторыі, як у класічных дзяржаў, хаця ён мае экстэрытарыяльныя правы на некалькі будынкаў у Рыме (там дзейнічае юрысдыкцыя ордэна, а не Італіі). Пры гэтым раней ён паўнавартасна валодаў тэрыторыямі: Іерусалімам — у XI–XIII стст., Радосам — у XIV–XVI стст., Мальтай — у XVI–XVIII стст. Страціў свае апошнія землі ў 1798 годзе.

Ордэн узнік у XI стагоддзі на базе шпіталя св. Яна, які дзейнічаў у Іерусаліме з 1048 года і дапамагаў пілігрымам з розных краін. Пазіцыянуе сябе як адзін з найстарэйшых інстытутаў заходняй і хрысціянскай цывілізацыі і каталіцызму — нейтральны, непрадузяты і апалітычны.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся у сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных прычын, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Разам з тым 24 лістапада 2020 года амбасадар Мальтыйскага Ордэна ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку.

10 студзеня 2022 года Сяргей Алейнік, які на той момант займаў пасаду намесніка міністра замежных справаў і амбасадара пры Мальтыйскім Ордэне (па сумяшчальніцтве), правёў у Рыме сустрэчу з генеральным сакратаром па міжнародных сувязях ордэна Стэфана Ронка.

У чэрвені 2024 года Лукашэнка запрасіў Данлэпа наведаць Беларусь.

Рэжым Лукашэнкі ўсяляк імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю адносін як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам агулам.

Падзяліцца: