Мінск 21:32

Літоўскі перавозчык не задэклараваў увезенае ў Беларусь дзіцячае адзенне з Італіі на суму каля 50 тыс. долараў — ДМК

8 ліпеня, Позірк. Больш за 2 тыс. адзінак дзіцячага адзення на суму каля 140 тыс. рублёў (звыш 47,3 тыс. долараў) не ўказаў у дэкларацыі літоўскі перавозчык пры ўездзе ў Беларусь з партыяй тавару з Італіі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што “недакладныя звесткі, указаныя ў дакументах, маглі стаць падставай для заніжэння памеру аплаты мытных плацяжоў на суму парадку 30 тыс. рублёў” (больш за 10,1 тыс. долараў).

“Тое, што частка тавару ў дакументах не значыцца, выявілі ў ведамасным пункце мытнага афармлення “Беняконі-ТЛЦ” (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці), куды аўтамабіль накіравалі з беларуска-літоўскай мяжы на дагляд”, — паведамляе ДМК.

На перавозчыка складзены адміністрацыйны пратакол паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак аб таварах). Памер штрафу, паводле санкцыі артыкула, можа дасягаць 30% ад кошту незаконна перамешчанага тавару, адзначае ДМК.

Падзяліцца: