Мінск 17:47

Кіраўніцтва БАА заявіла пра стагнацыю на беларускім аўтамабільным рынку

Ілюстрацыйнае фота: сайт "БЕЛДЖЫ"

8 ліпеня, Позірк. У чэрвені 2025 года беларускі рынак новых аўтамабіляў упершыню за апошні год прадэманстраваў падзенне ў параўнанні з леташнім вынікам — прададзены 3.841 аўтамабіль, што на 13% ніжэй за продажы афіцыйных дылераў у тым жа месяцы 2024-га. Такую інфармацыю прывяла Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) са спасылкай на намесніка старшыні праўлення БАА, дырэктара ТАА “Лазанж” Андрэя Ткачова.

Прычынамі падзення продажаў у БАА лічаць тое, што з сакавіка 2025 года істотна скарацілася колькасць банкаў, якія прапануюць крэдытаванне на куплю аўтамабіляў — як новых, так і з прабегам. Пры гэтым у Беларусі пачалі дзейнічаць новыя абмежаванні ў сегменце лізінгу для фізічных асоб, якія негатыўна адбіліся на ўзроўні ўхвалення заявак патэнцыйных пакупнікоў.

“Падводзячы вынікі першага паўгоддзя 2025 года, можна адзначыць, што рынак новых аўтамабіляў у параўнанні з мінулым годам вырас на 21,3% і склаў за 6 месяцаў 24.634 аўтамабіля. Аднак гэтая лічба зманлівая, бо фактычны рост абумоўлены продажамі першага квартала гэтага года, а з красавіка на аўтамабільным рынку назіраецца стагнацыя”, — падкрэслілі ў асацыяцыі.

У БАА таксама адзначылі, што “добрыя вынікі продажаў у мінулым месяцы паказалі брэнды, якія змаглі прапанаваць варыянты фінансавання пакупкі сваіх мадэляў”. “Пяцёрка лідараў застаецца нязменнай ад пачатку года, і на яе долю прыпадае амаль 90% рынку ад продажаў усіх новых аўтамабіляў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым “тэндэнцыя да росту рынку электратранспарту, якая намецілася, працягвае набіраць абароты: у чэрвені было прададзена 664 “зялёных” аўтамабіля, што склала больш за 17% ад продажаў усіх легкавых аўто за выняткам камерцыйнай тэхнікі”. “З улікам захавання цяперашняй падтрымкі развіцця электрамабіляў у Беларусі можна прагназаваць далейшы рост электрапарку ў нашай краіне”, — лічаць у асацыяцыі.

У 2024 годзе ў Беларусі ўдзельнікі асацыяцыі рэалізавалі 49.626 новых легкавых аўтамабіляў — у 2,3 раза больш, чым у 2023-м (21.761).

Як заявіў 15 красавіка 2025 года дырэктар УП “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота, у 2019-м было прададзена 60.216 аўтамабіляў, у 2020-м — 46.098, 2021-м — 41.217, 2022-м — 14.843.

Летась на рынку было прадстаўлена 100 мадэляў легкавых аўтамабіляў, што на 28,2% больш, чым у 2023-м. Зрэшты, адзначыў Ярота, “да 2022 года яшчэ далёка”: тады на рынку было 142 мадэлі.

За мінулы год члены БАА рэалізавалі 3.641 электрамабіль і паслядоўны гібрыд (+752%), легкавых: класаў В і С — 18.490 (+150%) і 900 (+488%) адпаведна; D і E — 338 (+10,1%) і 129 (-16,7%); SUV B і SUV E — 8.909 (+81,7%) і 2.634 (+311%); Off-Road — 1.705 (+102%).

У 2024 годзе колькасць легкавых аўтамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла на 2,1% (з 3.023.002 да 3.085.116), легкавых электрамабіляў — у 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага аналізу.

У Брэсцкай вобласці колькасць легкавых аўтамабіляў у 2024 годзе вырасла на 2,8% (з 462.025 да 474.920), электрамабіляў — у 3,6 раза (з 503 да 1.791); Віцебскай — на 2% (з 337.625 да 344.410) і ў 3,5 раза (з 303 да 1.062) адпаведна; Гомельскай — на 2,3% (з 393.058 да 402.223) і ў 3,4 раза (з 408 да 1.404); Гродзенскай — на 1,8% (з 385.742 да 392.780) і ў 2,8 раза (з 488 да 1.373); Мінскай — на 2,6% (з 509.185 да 522.407) і ў 3,1 раза (з 1.488 да 4.558); Магілёўскай — на 2,3% (з 315.504 да 322.776) і ў 3,7 раза (з 260 да 973); Мінску — на 0,9% (з 619.863 да 625.600) і ў 3,2 раза (з 2.963 да 9.584).

Паводле даных Белстата, забяспечанасць легкавымі аўтамабілямі на тысячу чалавек насельніцтва ўзрасла на 2,7% (з 330 па выніках 2023 года да 339 па выніках 2024-га).

Падзяліцца: