Мінск 03:50

Для вывезенага ў Літву 64-гадовага палітвязня, біёлага Сяргея Шэлега сродкі на базавыя патрэбы сабралі менш чым за суткі

Сяргей Шэлег
Фота: BySol

4 ліпеня, Позірк. Менш чым за суткі сабрана сума на базавыя патрэбы, якую папрасіў вывезены ў Літву 64-гадовы палітвязень Сяргей Шэлег.

Збор быў абвешчаны фондам салідарнасці BySol. Шэлег прасіў 3.200 еўра, да вечара 4 ліпеня было сабрана 3.231 еўра. У каштарыс расходаў Шэлег уключыў арэнду жылля на два месяцы, прадукты, медыцынскае абследаванне, лекі, адзенне, абутак, тэлефон і 500 еўра “мінімальнага рэзерву на іншыя выдаткі“.

“Я біёлаг, кандыдат навук і чалавек, які быў упэўнены, што законапаслухмянае жыццё і ціхая праца ў медыцыне — гэта абарона ад самавольства. Я скончыў біяфак БДУ, працаваў даследчыкам у Інстытуце гематалогіі, потым перайшоў у прыватны сектар. Маё апошняе месца працы — кіраўнік “Genzyme” (амерыканская біятэхналагічная кампанія. — “Позірк”.) у Беларусі. Мы займаліся рэдкімі генетычнымі захворваннямі. У мяне таксама расце сын, яму цяпер 11. Я марыў вадзіць яго ў горы, паказваць Еўропу, вучыць усяму, што ўмею сам“, — распавёў пра сябе Шэлег у заяўцы на дапамогу.

Ён паведаміў, што быў арыштаваны 1 жніўня 2023 года. “Абвінавацілі ў тым, што я рабіў данаты на фонды салідарнасці, незалежным журналістам, украінскім валанцёрам. Рэчы, якія здаваліся мне справай сумлення і добрай волі, у судзе сталіся “тэрарызмам“, — адзначыў Шэлег.

Паводле слоў былога палітвязня, яго судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку па ўжо адмененай. У картцы Шэлега на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна“ пазначана два артыкулы: 3612 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання; старая рэдакцыя) і 2901 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). У картцы на сайце праваабарончай ініцыятывы dissident.by згаданая новая рэдакцыя арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

“22 сакавіка 2024 года Мінскі гарсуд прыгаварыў мяне да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Плюс штраф: 600 базавых велічынь (24 тыс. рублёў. — “Позірк”.). Адзін з найбольш жорсткіх прысудаў за ахвяраванні“, — адзначыў Шэлег.

“Калі мяне вызвалілі, я выйшаў не ў ранейшае жыццё, а ў нікуды. Засталася толькі трывога, якая не адпускае нават ноччу, — прызнаўся былы палітвязень. — У мяне няма самага простага: нармальнай курткі, зручнага абутку, месца, дзе можна зачыніцца і проста трохі прыйсці ў сябе. Няма нават нармальнага тэлефона, на які можна паставіць працоўныя прыкладанні або падаць заяўку на дапамогу“.

Шэлег быў вывезены ў Літву ў складзе групы з 14 зняволеных, вызваленых у дзень візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіта Келага. У групу ўключылі мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага, былога карэспандэнта рускай і беларускай службы амерыканскай радыёстанцыі “Свабода” Ігара Карнея і інш.

Яшчэ адзін вывезены ў Літву палітвязень — 21-гадовы Кірыл Балахонаў — таксама збірае сродкі праз BySol. За тры дні яму пералічылі 1.515 еўра з 3.100 запытаных.

Падзяліцца: