Мінск 18:01

Лукашэнка пабудаваў віншаванне з Днём незалежнасці вакол мінулага, Ціханоўская ў заяве зрабіла акцэнт на сучаснасці

3 ліпеня, Позірк. Дата вызвалення Мінска “ад фашысцкага прыгнёту” азначыла “аднаўленне мірнага жыцця і назаўжды стала для беларусаў сімвалам барацьбы за свабоду, прыкладам мужнасці і нязгасным арыенцірам для новых пакаленняў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 ліпеня суайчыннікаў з Днём незалежнасці.

Гэты дзень палітык, пасланне якога прыводзіць яго прэс-служба, назваў “святам, якое ўвасабляе ў сабе гераізм, працоўную доблесць і веру суверэннай і моцнай духам нацыі ў шчаслівую будучыню”.

“Прымнажаючы спадчыну мінулага працай і талентамі сучаснікаў, адстойваючы спрадвечныя каштоўнасці і праўду, мы паслядоўна рухаемся да поспеху па шляху справядлівасці і стварэння, — сцвярджае Лукашэнка. — Перакананы, што памяць пра гераічнае мінулае і дачыненне да агульнай справы, любоў да Айчыны і гонар за яе дасягненні дапамогуць нам зрабіць Беларусь шчаслівай і квітнеючай”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў заяве 3 ліпеня адзначыла, што “ні пра якую сапраўдную незалежнасць або свабоду” ў Беларусі “гаворкі не ідзе”. Краіна, паводле яе слоў, “як ніколі залежыць ад волі Расіі”, паколькі “рэсурсы, палітычныя рашэнні і нават войскі рэгулююцца Крамлём”.

“Нягледзячы на пастаянныя спробы Лукашэнкі паказаць сябе міласэрным і велікадушным, жыхары ў краіне і за яе межамі разумеюць: гэта ілюзія, — падкрэсліла палітык. — Беларусь займае 190 месца ў свеце паводле ўзроўню грамадзянскіх свабод — паміж Лівіяй і Палестынай. Звычайныя людзі баяцца не злачынцаў і ашуканцаў, а прадстаўнікоў рэжыму. Кожны крок пільна кантралюецца: ніводнае мерапрыемства ці ініцыятыва не адбываецца без ухвалы “зверху” і маштабнай прысутнасці сілавікоў”.

Ціханоўская канстатавала, што гэта “сапраўдная антыўтопія”. У той час, як праходзяць “пампезныя канцэрты і мерапрыемствы мільённых цэн”, вуліцы мільгаюць “чырвона-зялёнымі кветкамі” і льецца “ліслівасць і спевы ў гонар дыктатара”, у месцах несвабоды “павольна паміраюць больш за адзінаццаць сотняў людзей, якія выбралі быць сумленнымі і свядомымі”.

“Хлусня на дзяржаўных тэлеканалах, блакаванне нязручных крыніц інфармацыі, пераслед недзяржаўных арганізацыяў, допыты кожнага, хто вяртаецца з-за мяжы — гэта рэаліі сучаснай Беларусі, — падкрэсліла яна. — Гэтае “свята” не належыць беларусам. Гэта свята тых, хто падтрымлівае тыранію. Тых, хто лічыць, што такія ўмовы жыцця прымальныя”.

“Але мы з вамі заслугоўваем сапраўднай свабоды і сапраўднай незалежнасці. І Дзень суверэнітэту нашай краіны мы адсвяткуем разам, калі дзяржава зноў будзе належаць грамадству. Мы працягваем працу, каб ён надышоў як мага хутчэй”, — заявіла Ціханоўская.

У 1991–1996 гадах Дзень незалежнасці Беларусі быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму галоўнае дзяржаўнае свята перанеслі на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскай акупацыі ў 1944 годзе.

Падзяліцца: