Мінск 21:14

Абвешчаны збор сродкаў для незалежнага медыя “Віцебскі кур’ер”

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

30 чэрвеня, Позірк. Пра збор сродкаў для працягу працы незалежнага медыяпраекта “Віцебскі кур’ер” абвясціў фонд салідарнасці BySol.

Паводле слоў галоўнага рэдактара і ўладальніка выдання Аляксандра Корнышава, цяпер праект знаходзіцца “на мяжы выжывання”.

“Фінансаў амаль не засталося, працаваць далей без падтрымкі немагчыма. 3.500 еўра дазволяць нам пакрыць зарплаты каманды, хостынг сайта і яго люстэрка, а таксама здымку кароткіх відэа на працягу трох месяцаў. З іх 3.000 еўра — заробкі, 84 еўра — хостынг і 416 еўра — вытворчасць відэакантэнту з выкарыстаннем штучнага інтэлекту”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце BySol.

20 траўня суд Першамайскага раёна Віцебска аштрафаваў Корнышава на 800 рублёў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Інфармацыйная прадукцыя “Віцебскага кур’ера” была прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 14 студзеня 2022 года.

29 студзеня 2025 года каманда медыяпраекта “Обычное утро” паведаміла, што можа спыніць існаванне праз спыненне замежнай падтрымкі, пазней праект сабраў неабходную суму для працягу працы.

29 лістапада 2024 года паведамлялася, што праект “Маланка медыя” просіць фінансавай дапамогі для аднаўлення працы свайго сайта.

З пачатку 2024 года з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, “Белсат”, Plan B, “Новы Час”, беларуская рэдакцыя польскага “Радыё Ўнэт”, якая ў выніку спыніла працу, EX-PRESS.

У сакавіку 2025 года медыяпраекты Фонду медыцынскай салідарнасці ByMedSol “Белыя Халаты” і “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” таксама паведамілі аб фінансавых праблемах.

Падзяліцца: