Мінск 21:00

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ сем чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

30 чэрвеня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ сем чалавек, вынікае з заявы, апублікаванай 30 чэрвеня ў тым ліку на сайце цэнтра “Вяcна”.

Адпаведны статус атрымалі Марына Луц, Крысціна Лапкоўская, Арцём Кухаронак, Аляксандр Баркун, Ганна Папай, Іван Каваленка і Іван Качанаў.

Усе яны прыгавораныя да пазбаўлення волі паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы). У выраках усіх, акрамя Луц, фігуруюць таксама іншыя артыкулы, паводле якіх улады чыняць палітычны пераслед (342, 361, 3611, 3614, 368).

Праваабаронцы адзначылі, што органы следства і суды прыцягваюць да крымінальнай адказнасці паводле арт. 130 КК “выключна дзеля абароны інстытутаў улады”, у “спалучэнні з іншымі палітычна матываванымі абвінавачваннямі гэта сведчыць пра адвольнае ўжыванне нормы”.

“Вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў ды іншых службоўцаў у якасці “сацыяльных груп”, якія маюць патрэбу ў дадатковай абароне, мы лічым неабгрунтаваным”, — гаворыцца ў заяве.

Падпісанты дакумента запатрабавалі ад уладаў перагледзець вынесеныя выракі і меры стрымання ў дачыненні да згаданых палітвязняў “з захаваннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыяй фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання”; вызваліць гэтых людзей, “замяніўшы ім меры стрымання на іншыя, якія забяспечваюць іх з’яўленне ў суд”, а таксама “неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прыгаворы і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Lawtrend, Respect-Protect-Fulfill.

На 30 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.172 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, нашмат больш.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — cтварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта.
Падзяліцца: