Мінск 04:39

УЕФА прыцягнуў трэцюю краіну-арганізатара, каб забяспечыць удзел зборнай Беларусі па футзале ў чэмпіянаце Еўропы

Ілюстрацыя: uefa.com

27 чэрвеня, Позірк. Выканкам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) дадаў Славенію ў якасці трэцяй краіны — арганізатара чэмпіянату Еўропы 2026 года па футзале, каб забяспечыць удзел у ім беларускай зборнай.

У паведамленні УЕФА адзначаецца, што паводле вынікаў асноўнага раўнду кваліфікацыі, які завяршыўся ў красавіку, Беларусь заваявала прамую пуцёўку ў фінальную стадыю, якая пройдзе з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года. Аднак краіны-арганізатары — Латвія і Літва — забаранілі на сваёй тэрыторыі матчы з удзелам зборнай суседняй дзяржавы.

Таму выканкам УЕФА прыняў, на яго думку, “справядлівае і збалансаванае рашэнне дзеля забеспячэння паспяховай арганізацыі чэмпіянату шляхам дабаўлення трэцяй прымаючай краіны”. Зборная Беларусі будзе браць удзел у ЧЕ на тэрыторыі Славеніі.

У гэтай краіне адбудзецца 18 матчаў. Беларусь трапіць у групу C або D. З улікам магчымасці яе выхаду ў вырашальныя раунды два чвэрцьфіналы, паўфінал, матч за трэцяе месца і фінал таксама перанесеныя ў Славенію.

18 красавіка паведамлялася, што літоўская і латвійская федэрацыі футбола сумесна з украінскімі калегамі “актыўна займаюцца сітуацыяй”, звязанай з удзелам беларускіх спартоўцаў у чэмпіянаце Еўропы па футзале (міні-футболе).

“Цяпер літоўскі бок вядзе перамовы з інстытуцыямі нашай краіны, паколькі неабходная дзяржаўная падтрымка ў дачыненні да закона, які забараняе ўезд спартоўцаў з гэтай краіны на тэрыторыю Літвы. Таксама вядуцца перамовы з УЕФА. Як толькі будуць атрыманыя неабходныя адказы, літоўская, латвійская і ўкраінская федэрацыі абвесцяць пра сваё рашэнне, якое будзе вельмі жорсткім”, — сказаў прэзідэнт літоўскай федэрацыі Эдгарс Станкявічус.

Прэзідэнт Федэрацыі футбола Латвіі Вадзім Ляшэнка заявіў, што федэрацыя “актыўна займаецца пытаннем удзелу Беларусі ў чэмпіянаце і дзеля дасягнення найлепшага рашэння супрацоўнічае з прадстаўнікамі УЕФА, Літоўскай федэрацыі футбола, а таксама амбасадарам Украіны ў Латвіі і прэзідэнтам Украінскай асацыяцыі футбола Андрэем Шаўчэнкам”.

Пра тое, што зборная Беларусі па футзале выйшла на чэмпіянат Еўропы, стала вядома 12 красавіка. Акрамя краін-гаспадароў і Беларусі, на турнір таксама прайшлі адбор Украіна, Польшча, Партугалія, Чэхія, Славенія, Арменія, Харватыя.

У сувязі з поўнамаштабнай вайной, якую Расія распачала ў тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, абедзве краіны пазбавіліся магчымасці прымаць удзел у большай частцы сусветных спартыўных спаборніцтваў. У апошніх Алімпійскіх гульнях атлеты дзвюх краін бралі ўдзел у нейтральным статусе.

Падзяліцца: