Мінск 03:37

За чэрвень вызвалена 14, затрымана па палітычных матывах 28 чалавек — Кучынскі

Дзяніс Кучынскі
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

27 чэрвеня, Позірк. За чэрвень вызвалена 14 чалавек, затрымана па палітычных матывах 28, паведаміў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі ў эфіры “Еўрарадыё”.

“Калі Лукашэнка хоча паказаць сур’ёзнасць сваіх намераў для нармалізацыі стасункаў з Еўропай, трэба спыніць рэпрэсіі, — падкрэсліў ён. — Рэпрэсіі не спыняліся, яны працягваюцца. <…> Выпускайце ўсіх палітвязняў — або адразу, або часткамі. Пакажыце сур’ёзнасць гэтых намераў. Пакуль мы гэтага не бачым, а бачым, што ёсць нейкая спроба. Стратэгічнага прасоўвання я не назіраю. Крок за рэжымам. Выпускайце далей людзей, выпускайце лідараў беларускага [дэмакратычнага] руху”.

Офіс знаходзіцца ў практычна пастаяннай камунікацыі з амерыканскім бокам, якая пачалася яшчэ пры прэзідэнце Джо Байдэне, адзначыў дарадца. Кучынскі падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў — вынік калектыўнай працы дэмсілаў, праваабаронцаў і журналістаў. Менавіта СМІ, адзначыў ён, спрыялі таму, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і іншыя палітыкі інфармаваныя пра гэтую праблему рэпрэсій у Беларусі і яе ўплыў на геапалітыку і бяспеку рэгіёна.

Дарадца адзначыў важнасць комплекснага падыходу ў пытанні вызвалення палітвязняў, які ўключае як санкцыі, так і дыпламатыю.

Кучынскі, паводле яго слоў, не лічыць, што ЗША пайшлі на нейкія саступкі Лукашэнку і прадэманстравалі стаўленне да яго як да легітымнага прэзідэнта. У пацвярджэнне свайго пункту погляду ён згадаў, што амерыканцы ў Мінску не называлі Лукашэнку прэзідэнтам, а ЗША не накіравалі туды амбасадара.

Паводле інфармацыі Кучынскага, сужэнцы Ціханоўскія напісалі асабісты ліст Трампу, у якім падзякавалі за садзейнічанне ў вызваленні палітвязняў і яшчэ раз праінфармавалі пра праблему вызвалення палітвязняў у Беларусі.

Беларусы, што жывуць у ЗША, могуць звяртацца да кангрэсменаў і распавядаць пра сітуацыю з палітвязнямі. Гэта спрацуе, калі кангрэсмены ў сваю чаргу будуць камунікаваць з Белым домам, лічыць дарадца Ціханоўскай.

Паводле яго слоў, такая тактыка зваротаў да палітыкаў можа спрацаваць і ў іншых краінах, асабліва гэта актуальна там, дзе мала інфармаваныя пра праблему палітвязняў у Беларусі.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, анархісцкі актывіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама былі вызвалены Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

Падзяліцца: