Мінск 22:23

КР: Вызваленне палітвязняў усяляе надзею і пацвярджае патэнцыял дыпламатыі

27 чэрвеня, Позірк. Вызваленне 14 палітвязняў з’яўляецца “значным дасягненнем”, якое “ўсяляе надзею і пацвярджае патэнцыял дыпламатыі”, аднак не варта ўспрымаць яго як “завяршэнне барацьбы”. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 27 чэрвеня спецыяльнай заяве Каардынацыйнай рады (КР).

КР выказала “глыбокую ўдзячнасць” ЗША за “стварэнне магчымасці вызвалення Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязняў”, “вырашальную ролю” ў гэтым адыграў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп.

“Толькі паслядоўныя і рашучыя дзеянні” могуць “вярнуць палітвязняў іх сем’ям і аднавіць справядлівасць”, падкрэсліваецца ў заяве.

“Мы заклікаем аб’яднаць намаганні краін Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і іншых партнёраў. Толькі скаардынаваныя дзеянні могуць стаць зарукай устойлівасці, справядлівасці і свабоды для ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама ўмацаваць міжнародную супольнасць у адстойванні правоў чалавека”, — заяўляе КР.

Каардынацыйная рада таксама заклікала міжнародных партнёраў да далейшага ўзаемадзеяння, распачатага ЗША, “максімальнай празрыстасці і прынцыповых перамоваў з дзяржаўнымі структурамі Беларусі”.

“Толькі цвёрдая палітычная воля, міжнародны ціск у спалучэнні са скаардынаванай дыпламатыяй здольныя вярнуць свабоду тым, хто дагэтуль незаконна ўтрымліваецца за кратамі, спыніць рэпрэсіі і даслаць свету выразны сігнал: міжнароднае адзінства можа і павінна абараняць чалавечую годнасць і вяршэнства права”, — гаворыцца ў заяве, прынятай 42 дэлегатамі КР пры адным устрыманні.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама былі вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

Падзяліцца: