Мінск 04:18

Лукашэнка: ВУП ЕАЭС складае ўсяго 4% у структуры сусветнага, трэба падвоіць

Ілюстрацыя: mid.ru

26 чэрвеня, Позірк. Еўразійскі эканамічны саюз сёння разам з дзяржавамі-партнёрамі — гэта пятая частка насельніцтва свету і найбольш вялікае аб’яднанне па плошчы, сканцэнтравана чвэрць усіх разведаных відаў карысных выкапняў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на пленарнай сесіі “Стратэгія еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы“, якая адкрылася 26 чэрвеня на IV Еўразійскім эканамічным форуме, што праходзіць у Мінску.

“Наш саюз займае: першае месца ў свеце па здабычы нафты; другое — па здабычы газу і вытворчасці мінеральных угнаенняў; трэцяе — па вытворчасці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі і па працягласці чыгунак; чацвёртае — па здабычы вугалю, вытворчасці чыгуну і сталі, мяса і па агульнай даўжыні аўтамабільных дарог“, — сказаў прамоўца.

“Аднак супакойвацца на дасягнутым ні ў якім разе нельга. Бо пры ўсім гэтым ВУП ЕАЭС складае ўсяго толькі каля 4% у структуры сусветнага”, — панаракаў палітык.

“Пра што гэта кажа? Што патэнцыял нашага інтэграцыйнага аб’яднання не задзейнічаны ў поўнай меры. І за наступныя 10 гадоў мы павінны як мінімум падвоіць гэтую лічбу, надаўшы новы імпульс інтэграцыі”, — заявіў ён.

У Еўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія. Паводле інфармацыі на сайце інтэграцыйнага аб’яднання, агульная колькасць насельніцтва гэтых краін складае 185,5 млн чалавек — 2,2% насельніцтва свету (каля 8,2 млрд).

Дзяржавы-назіральнікі ў ЕАЭС: Малдова, Узбекістан, Куба.

Краіны, з якімі ў ЕАЭС ёсць пагадненні аб свабодным гандлі: В’етнам, Іран, Сінгапур, Сербія.

Краіны, з якімі вядуцца перамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю: Егіпет, Індыя, Інданезія, Ізраіль, Манголія, ААЭ.

З Кітаем дзейнічае асобнае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Падзяліцца: