Мінск 03:40

Украіна і Расія правялі чарговы абмен палоннымі на тэрыторыі Беларусі

26 чэрвеня, Позірк. Украіна і Расія 26 чэрвеня ў чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

“Працягваем абмены, яшчэ адзін этап, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. — Сёння вяртаюцца воіны Узброеных сіл, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы. Большасць з іх былі ў палоне з 22-га года. Робім усё, каб знайсці кожнага, праверыць інфармацыю па кожным прозвішчы. Павінны вярнуць усіх нашых дадому“.

Мінабароны РФ традыцыйна адзначыла, што “ў адпаведнасці з расійска-ўкраінскімі дамоўленасцямі, дасягнутымі другога чэрвеня ў Стамбуле (Турцыя), з падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыі вернутая група расійскіх вайскоўцаў. Узамен перададзена група ваеннапалонных УСУ. Цяпер расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога“.

Усе расійскія вайскоўцы, як адзначалася і раней, “будуць дастаўленыя ў Расійскую Федэрацыю для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расіі“.

У гэтым месяцы бакі абменьваліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі 9, 10, 12, 14 і 19 чэрвеня.

З пачатку года Украіна і РФ правялі 14 этапаў абмену. Акрамя згаданых чатырох выпадкаў гэта адбывалася 15 студзеня, 5 лютага, 19 сакавіка, 19 красавіка, а таксама 6, 23, 24 і 25 траўня.

За ўвесь 2024 год паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня) заявіў, што на той момант на тэрыторыі Беларусі было праведзена 38 аперацый абмену паміж Украінай і Расіяй.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы рэжыму ў Мінску пачала поўнамаштабную вайну з Украінай,уварваўшыся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: